Пасля месяца арышту Алеся Круткіна асудзілі яшчэ на 15 сутак

26 лютага полацкі актывіст Алесь Круткін мусіў выйсці на волю пасля 30-суткавага арышту, але сёння ён патэлефанаваў сваёй маці з Лепеля. Актывіст прасіў звязацца з яго адвакатам, бо на яго складзены новы адміністрацыйны пратакол за нейкія студзеньскія падзеі.

Алесь Круткін у судзе Першамайскага раёна. Фота блогера Шэрага Ката t.me/SeryiKotNews

Алесь Круткін у судзе Першамайскага раёна. Фота блогера Шэрага Ката t.me/SeryiKotNews

У выніку адвакат даведаўся, што сёння быў новы суд над актывістам, і яму прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.
Актывісты кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якія не дачакаліся вызвалення Круткіна ў Віцебску, занепакоеныя станам яго здароўя, бо пасля апошняга прысуду на 15 сутак актывіст проста ў зале суда абвясціў галадоўку. Ці трымаў ён галадоўку падчас адбывання пакарання ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання, таксама невядома.
Нагадаем, 12 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пакараў актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Наталлю Спірыдонаву і Алеся Круткіна за расклейку ўлётак на адміністрацыйных будынках горада па артыкуле 23.34 КаАП. Наталля Спірыдонава атрымала 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў), а Алесь Круткін – 15 сутак арышту. Да гэтага актывіст адбываў 15-суткавы арышт за ўдзел у снежаньскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй.
Паводле spring96.org