Пасля пачатку «справы медыкаў» закупкі Мінздароўя «патаннелі». Некаторыя нават удвая
У інтэрв’ю на дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 жніўня міністр здароўя Уладзімір Каранік расказаў пра новыя цэны, па якіх ягонае ведамства ладзіць закупкі медыцынскага абсталявання, піша Свабода.
Уладзімір Каранік
не звязваў «зніжэнне цэнаў» наўпрост з карупцыйнымі расследаваннямі і «справай
медыкаў». Ён расказаў, што цяпер Мінздароўя ладзіць «больш дбайныя
маркетынгавыя даследаванні» перад дзяржаўнымі закупкамі, і калі высвятляецца,
што цэны на абсталяванне выходзяць надта высокімі, то матэрыялы перадаюць
органам фінансавых расследаванняў.
Фігуранты карупцыйных справаў цяпер перасталі быць пастаўнікамі абсталявання, а звязаныя з імі вытворцы змянілі сваіх пастаўнікоў, заявіў міністр, і на сёння «ўсе гэтыя схемы ўскрытыя».
Цэны на медыцынскае абсталяванне цяпер, кажа Каранік, упалі «ў паўтара-два разы па некаторых пазіцыях».
Каранік агучыў прыклады нават большага «абвалу цэнаў»: рэнтгенаўскі выпраменьвальнік у 2018 годзе збіраліся купіць за 223 тысячы долараў, цяпер купляюць за 88 тысячаў; іншая запасная частка да апарату каштавала 194 тысячы долараў у 2018 годзе, цяпер каштуе 82 тысячы.