Пасля штрафу зноў павестка: КДБ вельмі хоча паразмаўляць з Іллём Сянько
Як распавёў Ілля Сянько, 28 сакавіка ён стэлефанаваўся з сябрам і дамовіўся на сустрэчу каля гандлёвага цэнтра. Праз пару хвілін пасля сустрэчы да хлопцаў падыйшоў супрацоўнік КДБ Мікалай Безік і ўручыў хлопцу павестку пад подпіс.
Цікава, што 26
сакавіка адбыўся суд, дзе Іллю Сянько прызналі
вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння (арт. 23.4
КаАП) за тое, што ён не з’явіўся на “прафілактычную размову” у КДБ, і асудзілі
да штрафу ў 20 базавых велічынь. На пасяджэнні актывіст заявіў хадайніцтва аб выкліку
ў якасці сведкі гэтага самага Мікалая Безіка, аднак хадайніцтва не было
задаволена, таму што нібыта супрацоўнік КДБ знаходзіўся ў адпачынку аж да 24
красавіка.
Аднак на наступны дзень пасля суду Мікалай Безік ужо тэлефанаваў актывісту, турбаваў таксама і яго маці. А праз дзень дзіўным чынам з’явіўся ў той самы час і ў тым самым месцы, дзе Ілля Сянько сустракаўся з сябрам.
Нагадаем, больш за месяц таму валанцёрамі культурна-асветніцкай установы “Крытычнае мысленне” сталі цікавіцца супрацоўнікі КДБ. На размову па тэлефоне спрабавалі выклікаць Іллю Сянько, які быў затрыманы з расійскім філосафам і гісторыкам Пятром Рабавым і асуджаны па арт. 17.10 КаАП (“публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі”) да штрафу з канфіскацыяй жорсткага дыску камп’ютара. Аднак хлопец прапанаваў супрацоўніку даслаць яму позву і адмовіўся без яе прыходзіць. Тады на размову выклікалі яго маці, якой супрацоўнік Баранавіцкага міжраённага аддзела КДБ па Брэсцкай вобласці Мікалай Безік расказваў “байкі” пра ўстанову, а таксама прымусіў падпісаць позву за сына.