Пасля звароту праваабаронцы аднавілі ільготы і дадалі новыя

Пасля звароту праваабаронцы ў пракуратуру ільготы ў Смаргоні адноўлены і запрацавалі дадатковыя.

Ілюстрацыйнае фота, commons.wikimedia.org

Ілюстрацыйнае фота, commons.wikimedia.org

У Смаргоні з кастрычніка 2017 года навучэнцам школ было забаронена бясплатна ездзіць да месца вучобы і дадому на экспрэс-маршрутах аўтатранспарту рэгулярных зносін.
Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Смаргонскі райвыканкам з просьбай растлумачыць, адкуль узялася забарона, бо пастановай Савета Міністраў ад 16.02.2011 №202 устаноўлена льгота навучэнцам на бясплатны праезд ад месца жыхарства да месца вучобы на аўтатранспарце агульнага карыстання рэгулярных зносін штогод з 1 верасня па 30 чэрвеня, без выключэння экспрэс-маршрутаў. У адказе ж на зварот райвыканкам паведаміў, што такая забарона ўведзена рашэннем Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 16.10.2017 №286 «Аб дадатковых захадах па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў».
Пасля звароту Алеся Дзергачова ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці высветлілася, што смаргонскія ўлады няправільна зразумелі дадзенае рашэнне абласнога Савета і замест пашырэння ільготаў скарацілі існуючыя, то бок забаранілі ездзіць задарма на вучобу і назад у экспрэс-маршрутах.
Такім чынам, калі пастанова Савета Міністраў дазваляла бясплатна ездзіць навучэнцам толькі да месца навучання і ў зваротным кірунку, то рашэнне Савета зняло гэтыя абмежаванні. Зроблена гэта шляхам паўтарэння Саветам ў сваім рашэнні рэдакцыі пункта пастановы Савета Міністраў аб льготах, за выключэннем словаў аб паездках да месца вучобы і ў зваротным кірунку.
У выніку пасля некалькіх месяцаў незаконнага прыпынення ў Смаргоні прадстаўлення ільготаў навучэнцам яны адноўлены. Акрамя таго, запрацавала ільгота на бясплатны праезд і ў па-за навучальны час, за выключэннем экспрэс-маршрутаў.


Цікава, што праз звароты Алеся Дзергачова да вырашэння пытання аднаўлення ільготаў навучэнцам былі падключаны Гарадзенскі аблвыканкам, Гарадзенскі абласны Савет і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Адам Кавалька. Ніводзін з гэтых органаў у адказах памылку Смаргонскага райвыканкама не прызнаў, засяродзіўшы ўвагу на тым, што рашэннем абласнога Савета ад 16.10.2017 №286 «Аб дадатковых захадах па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў» уведзена дадатковая ільгота, а раней дзеючую ніхто не адмяняў. А дэпутат паведаміў, што льгота на бясплатны праезд у экспрэс-маршрутах прадстаўляецца.

harodniaspring.org