Пасол Швейцарыі наведаў Наталлю Хершэ ў гомельскай калоніі
Пасол Швейцарыі ў Мінску Клод Альтэрматт наведаў сваю суайчынніцу, ураджэнку Беларусі Наталлю Хершэ, якая адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі № 4.
Візіт адбыўся 9 красавіка, пішуць naviny.online.
«Нягледзячы на няпростыя ўмовы, справы ў нашай грамадзянкі ідуць добра. Наталля зноў дзякуе ўсім, хто падтрымлівае яе тут і ў іншых краінах», — напісаў дыпламат у Твітары.
Каментуючы ў іншым твіце паведамленне швейцарскай місіі ў ЕС аб важнасці развіцця чыгуначнага транспарту для паляпшэння экалагічнай сітуацыі, Альтэрматт адзначыў, што ездзіў у Гомель на суперсучасным («top modern») цягніку «Штадлер» вытворчасці швейцарскай кампаніі Stadlerrail ў Фаніпалі.
7 снежня 2020 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Наталлю Хершэ вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК) і прыгаварыў да 2,5 года пазбаўлення волі і выплаце 1.000 рублёў пацярпеламу сілавікі. Паводле судовага рашэння, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Херша сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, «падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні». Жанчына сваю віну не прызнала.
Беларускія праваабаронцы лічаць Хершэ палітзняволенай.
Паводле іх інфармацыі, асуджаная два разы абвяшчала галадоўку. У студзені яна адмовілася ад ежы з-за таго, што ёй не перадавалі пошту. Тады яе перавялі ў камеру з лепшымі ўмовамі, туды ж перадалі лісты. У апошні тыдзень лютага і першы тыдзень сакавіка Хершэ галадала з-за таго, што родных не апавясцілі аб яе пераводзе ў гомельскую калонію. Акрамя таго, ёй зноў перасталі перадаваць лісты.