Пасольства Італіі ў Мінску спрашчае працэдуру атрымання віз

Пасольства Італіі ў Мінску спрашчае працэдуру атрымання віз, паведаміла БелаПАН прэс-служба дыпмісіі.



italija.jpg

"Мы хочам, каб працэс падачы дакументаў на візу стаў прасцейшым і ўсе ахвотныя наведаць Італію ў якасці турыстаў змаглі скараціць свае расходы, — зазначыў першы сакратар пасольства Італіі ў Мінску Уга Боні. — Імкнучыся палепшыць якасць паслуг, мы ў першую чаргу прыслухоўваемся да пажаданняў нашых кліентаў, якія тычацца гадавых віз, спрашчэння патрабаванняў да дакументаў і ўвядзення дадатковага часу працы з жыхарамі рэгіёнаў".
 

"Мы актыўна супрацоўнічаем з турагенцтвамі. Зыходзячы з таго, што колькасць нашых партнёраў у гэтай сферы падвоілася, мы ўвялі спецыяльны графік працы выключна з імі. Мы таксама значна пашырылі штат служачых, якія працуюць з турагенцтвамі. Гэта дазваляе больш хутка і эфектыўна працаваць з заявамі, так што нават турысты, якія хочуць пакарыстацца тэрміновымі прапановамі, змогуць атрымаць нашу візу своечасова", — падкрэсліў першы сакратар пасольства.
 

Як заявіў дыпламат, для эканомікі Італіі турыстычны бізнес з'яўляецца вельмі важным, і Беларусь — важная краіна з вялікім турыстычным патэнцыялам. "Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць і тая ўвага, якую асноўныя турыстычныя кампаніі Італіі сталі надаваць Беларусі", — сказаў Уга Боні.
 

У паведамленні італьянскай дыпмісіі зазначаецца, што сёлета пасольства прыняло шэраг мер, скіраваных на паляпшэнне і пашырэнне сферы паслуг, што аказваюцца беларускім грамадзянам. З кастрычніка 2013 года можна скарыстацца сістэмай анлайн-бранавання месцаў для падавання дакументаў на візу. Гэта паслуга дазваляе выбраць зручныя дату і час, пазбягаючы чакання адказу па тэлефоне. Сістэма анлайн-бранавання, якая працуе кругласутачна, дазволіла значна скараціць чаканне чаргі на падаванне дакументаў. Як зазначылі ў пасольстве, калі ў мінулыя гады ў перыяд найбольшага наплыву турыстаў (з красавіка па жнівень) час чакання мог даходзіць да двух месяцаў, то сёння ён не перавышае 10 каляндарных дзён.
 

Новаўвядзенні закранулі таксама пералік дакументаў, неабходных для атрымання візы. Так, пасольства Італіі сумесна з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі краін Шэнгенскай зоны, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, дасягнулі прынцыповай дамоўленасці па спісе дакументаў, што прыкладаюцца да заявы на візу. Гэта пагадненне дакладна вызначае і гарманізуе пералік дакументаў, што запытваюцца пасольствамі, а таксама ў выпадку з Італіяй спрашчае парадак атрымання віз, у прыватнасці, для непаўналетніх грамадзян.
 

Пасольства Італіі асабліва звяртае ўвагу на тое, што беларускія турысты могуць падаваць ксеракопіі сваіх дакументаў на рускай ці беларускай мовах, бо знікла неабходнасць у арыгіналах і перакладах на італьянскую мову.
 

Паведамляецца таксама, што прыняты шэраг мер, скіраваных на аблягчэнне працэдуры выдачы віз для беларускіх грамадзян, якія жывуць за межамі Мінска. Па-першае, за невялікую плату можна замовіць дастаўку пашпарта з візай атрымальніку на дом. Дзякуючы пагадненню з РУП "Белпошта" атрымальнікам віз не трэба будзе ехаць у пасольства за пашпартам, што дазволіць скараціць грашова-часавыя расходы грамадзян. Па-другое, ідучы насустрач жыхарам рэгіёнаў, якім часта даводзілася падарожнічаць ноччу, каб паспець на ранішняе падаванне дакументаў, пасольства ўвядзе для іх дадатковы графік прыёму ў пасляабедзенны час.
 

Летась пасольства Італіі выдала прыкладна 45 тыс. віз, што стала абсалютным рэкордам з моманту яго адкрыцця ў 1992 годзе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН