Паштарам у Беларусі выдадуць пісталеты і аўтаматы

МУС вызначыла нормы забеспячэння зброяй і боепрыпасамі, якія будуць выдаваць работнікам прадпрыемстваў з «асаблівымі статутнымі задачамі». У лік арганізацый ўвайшла і «Белпошта».

orig_1556871090acedf4679fece75bf79311fa13b3afdb.png


Галоўнай навацыяй у нормах стала тое, што агнястрэльную баявую зброю атрымаюць паштовыя аператары. Пісталет ці рэвальвер змогуць мець пры сабе супрацоўнікі «Белпошты» — начальнікі вузлоў сувязі, участкаў, аддзяленняў сувязі, галоўнай касы, а таксама аператары сувязі, паштары і кіроўцы. Усе нормы, пасады работнікаў і мадэлі зброі апісаныя ў пастанове МУС, якую апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Радыё Свабода».

Аператарам сувязі ў дадатак да пісталета ці рэвальвера выдадуць яшчэ і аўтаматы.

Доступ да зброі атрымаюць таксама работнікі дзяржаўнага прадпрыемства «Спецыяльная сувязь» — фельд’егеры ў адмысловых даручэннях і іншыя асобы.

Астатнія нормы тычацца пераважна работнікаў арганізацый, якія, як правіла, і раней мелі доступ да зброі або абавязак яе нашэння на службе.

Галоўныя палясоўшчыкі, дырэктары лесапаляўнічых гаспадарак, егеры і старшыя егеры мусяць мець па адным відзе зброі з наразной руляй (мінімум 50 патронаў) і адну гладкарульную (мінімум 80 патронаў).

Для спартыўнага таварыства «Дынама» прапісалі абавязковую наяўнасць 20 паляўнічых вінтовак з наразной руляй, 10 вінтовак з гладкай і 20 пісталетаў ІЖ-71 і МР-71 калібру 9×17. Таварыства паляўнічых і рыбаловаў — яго рэспубліканскае аб’яднанне, а таксама абласныя і раённыя структуры — мусіць мець па 10 адзінак зброі.

Прыватнае ахоўнае прадпрыемства «ГардСервис» мусіць мець рэвальверы — па адной адзінцы, для такіх пасад, як начальнік аддзела кіравання і рэагавання, інспектар, начальнік атрада і яго намеснік, камандзір аддзялення, стралок, кантралёр на КПП, праваднік службовых сабак, дзяжурны пульта кіравання, а таксама ўвесь інструктарскі склад. Некаторым супрацоўнікам выдадуць таксама паляўнічыя стрэльбы, сігнальныя пісталеты, слезацечны газ і шокеры.

Па пісталеце або рэвальверы мусяць мець інкасатары — старшы інкасатар, інкасатар, кіроўца і інкасатар або кіроўца, які ахоўвае касіра абменнага пункта. Аўтамат, як і раней, будуць выдаваць на адну інкасатарскую брыгаду.