Паўгода спатрэбіцца для распрацоўкі дэталёвага плана тэрыторыі вакол Курапатаў

Не менш за шэсць месяцаў спатрэбіцца для распрацоўкі дэталёвага плана тэрыторыі вакол Курапатаў. Пра гэта 13 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты” заявіў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч.



6b7542f8_730b_4737_b657_8d0fb108878f1.jpg

У сустрэчы ўдзельнічалі каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька, сябра ініцыятывы і міжнароднага “Мемарыялу” Уладзімір Раманоўскі, а таксама супрацоўнікі Мінаблвыканкама, міністэрстваў культуры і эканомікі.

Прадстаўнікі грамадскасці звярнулі ўвагу чыноўнікаў на тое, што сам факт будаўніцтва каля народнага мемарыялу рэстаранна-забаўляльнага комплексу з назвай “Бульбаш-хол” абражае нацыянальныя пачуцці беларусаў. Удзельнікі ініцыятывы падкрэслілі, што лічаць несумяшчальным знаходжанне побач такіх розных па свайму прызначэнню аб’ектаў, як рэстаранна-забаўляльны комплекс і Курапаты, а таксама заявілі, што любыя праекты мемарыялізацыі ва ўрочышчы і забудовы прылеглай да яго тэрыторыі павінны ўзгадняцца з грамадскасцю.

Сябры ініцыятывы адзначылі, што не валодаюць поўнай інфармацыяй пра распрацоўку праекту дэталёвага плану тэрыторыі, якая адносіцца да Курапатаў, у тым ліку наконт “актуальных”, па вызначэнню чыноўнікаў, межаў помніка і ягоных зонаў — ахоўнай і рэгулюемай забудовы.

Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінаблвыканкама Анатоль Вага паведаміў, што 4 домікі, узведзеныя забудоўшчыкам “Бульбаш-холу” СТАА “БелРэст Інвест” у ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці, будуць “перанесены, знесены ці зменяць свае фукцыі”. Паводле ягоных слоў, паколькі дэталёвы план тэрыторыі вакол Курапатаў з’яўляецца складаным комплексным горадабудаўнічым праектам, яго распрацоўка зойме яшчэ паўгода. Разам з тым, Вага адзначыў, што прадстаўнікі ініцыятывы змогуць удзельнічаць у грамадскім абмеркаванні гэтага праекту.