Паўла Севярынца папярэдзілі
10 лютага сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Фрунзенскага раёна Мінска і вынеслі пісьмовае "афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных паводзінаў".
Севярынец звязвае гэта найперш з набліжэннем хакейнага чэмпіянату свету і выбарамі, каб распіскай пра атрыманне папярэджання знеахвоціць грамадскіх і палітычных актывістаў ад якіх-небудзь акцыяў у будучыні:
— Яны папярэджваюць апазіцыянераў (каго галосна, каго негалосна), каб сядзелі ціха. З-за мясцовай кампаніі, напэўна. Магчыма і таму, што я вяду па адзіным кандыдаце перамовы. Гэта такое афіцыйнае папярэджанне, я б так сказаў. Калі спытаў: “За што?”, яны адказалі: “Каб вы не здзяйснялі супрацьпраўных учынкаў. Мы вас папярэдзілі, вы распісаліся”.
Павел Севярынец адбыў тры гады за Плошчу і пасля вызвалення 19 кастрычніка 2013 года мае два гады непагашанай судзімасці.
Па яго словах, само папярэджанне не цягне за сабою ніякага пакарання, але можа быць абцяжарвальнай акалічнасцю ў выпадку пачатку супраць яго нейкай справы.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя