Павага да роднай мовы

Прайшло ўжо больш за месяц ад ХІ з’езду грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Як выконваюцца яго рашэнні журналісту «НЧ» Марату Гаравому распавёў старшыня ТБМ, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і гісторык Алег Трусаў.

Прайшло ўжо больш за месяц ад ХІ з’езду грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Як выконваюцца яго рашэнні журналісту «НЧ» Марату Гаравому распавёў старшыня ТБМ, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і гісторык Алег Трусаў.
— Галоўная ідэя з’езд — абвясціць наступны год Годам роднай мовы. З гэтай прапановай мы і звярнуліся да ўладаў. Прапанавана таксама зрабіць адзін з дзяржаўных тэлеканалаў цалкам беларускамоўным і перавесці не менш паловы праграм астатніх тэлеканалаў на родную мову. Дарэчы, Генадзь Давыдзька абяцаў, што цалкам беларускамоўны тэлеканал будзе створаны ўжо ў наступным годзе.


Акрамя таго, мы прапанавалі ўладам прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Прычым на з’ездзе былі прадстаўлены абедзве версіі праекта такога закона, распрацаваныя галоўным рэдактарам газеты «Наша слова» Станіславам Суднікам і мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам. Па выніках з’езду створана пагадняльная камісія, якая павінна завяршыць сваю працу да канца года і накіраваць уладам канцэпцыю праекта закона. Мы дабіваемся, каб дзяржава выдзяляла неабходныя сродкі дзеля падтрымкі друкаваных і электронных выданняў на роднай мове. Па прыкладу іншых двухмоўных краін, у тым ліку Ірландыі, неабходна стварыць асобны моўны дэпартамент пры прэзідэнце або пры Савеце міністраў, які будзе адсочваць ужыванне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку чыноўнікамі. Рэалізацыя такіх захадаў дапаможа дабіцца пераходу ад засілля рускай мовы да рэальнага двухмоўя.


 

Да канца года мы павінны перакласці і ў пачатку наступнага года выдаць па-беларуску «Правілы дарожнага руху», дзеля чаго працуе вялікі калектыў грамадскіх актывістаў. У студзені 2012 года плануем адкрыць інтэрнэт-партал таварыства; рэалізаваць праект «Вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі праз валанцёрскую дзейнасць». У рамках гэтага праекта запланавана правядзенне конкурсу па гістарычных назвах, навуковай канферэнцыі, фальклорнага фестывалю, а таксама выданне календароў розных памераў з выявамі выбітных помнікаў айчыннага дойлідства. Акрамя таго, у межах гэтага праекту адбудуцца сустрэчы з мясцовымі валанцёрамі ў шэрагу гарадоў, у тым ліку ў Лагойску, Заслаўі, Мсціславе, Магілёве, Баранавічах і Лідзе.

Штогод пакрысе змяншаецца колькасць вучняў беларускамоўных школ. Аднак у гэтым годзе ўлады Гродзенскай вобласці разам з актывістамі ТБМ стварылі ў гарадах рэгіёна 20 беларускамоўных класаў. Нягледзячы на змяншэнне колькасці абітурыентаў, якія для тэставання выбіраюць беларускую мову, узровень іх ведаў лепшы, чым у выпускнікоў школ, якія здаюць рускую мову на іспытах. Беларуская мова стала вельмі папулярнай сярод моладзі. Пашырылася сфера ўжытку мовы ў перапісцы грамадзян з чыноўніцтвам, у рэкламе і на транспарце, і, што асабліва важна, у галіне культуры, дзякуючы беларускамоўнаму міністру Паўлу Латушка. Трэба ўлічваць і тое, што да ўлады прыходзіць новае пакаленне чыноўнікаў, якія ведаюць нацыянальную гісторыю і культуру, добра валодаюць роднай мовай.