Павел Севярынец у СІЗА піша трэцюю кнігу «Беларусаліма»

Рэдакцыя «Новага Часу» атрымала ліст ад палітвязня Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Ён дзякуе за падпіску на газету «Новы Час» і адзначае, што выданне — як «каўток свежага паветра».

seviarynec011.jpg


У самога Севярынца, кажа ён словамі класіка, «На Заходнім фронце без пераменаў»: «Падоўжылі “следства” яшчэ на два месяцы, да 20 снежня; атрымаў больш за 200 лістоў, на ўсе адказаў; пішу трэцюю кнігу “Беларусаліма”, гістарычныя эсэ пра карані камунізму ў Беларусі, нашыя сталіцы за 1000 гадоў, бітву на Нямізе 1067 года, а таксама серыю беларускіх хрысціянскіх віктарынаў».

«Тое, што найбольш уражвае на волі — небывалае мора сцягоў Хрыста. Вось такі ён, беларускі народ: маўчаў-маўчаў, цярпеў-цярпеў, а вось настаў новы час, дыхнуў Божы вецер — і разгарнуўся».

Павел зычыць усім моцнага здароўя, і каб гэты гістарычны час запомніўся «яркім, натхняльным, каб не губляўся смак, асабліва смак да жыцця».

«Бог любіць Беларусь», — заключае Севярынец, і цытуе біблейскае пасланне да Карынфянаў: «Дзе дух Гасподні — там свабода».

Нагадаем, сузаснавальнік партыі БХД быў затрыманы 7 чэрвеня па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да яго было вынесена як мінімум тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Акрамя таго, у яго заставаліся яшчэ 30 сутак, прысуджаных раней. Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на свабоду, а перавялі ў СІЗА №1 у статусе падазраванага па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Севярынец прызнаны палітычным зняволеным.