Павел Латушка: «А можа, сёння без палітыкі?..»
«А можа, без палітыкі? Заплюшчыць вочы і забыцца на тых дзяўчат, жанчын, якія зараз за кратамі? Не, я не магу. Ці можам мы забыцца на іх? Не, немагчыма», — піша палітык.
Я памятаю, як падлеткам я стаяў у пераходзе каля плошчы Перамогі ў чарзе, каб купіць гваздзікі, каб падараваць самаму блізкаму чалавеку — маёй матулі.
Памятаю, як яшчэ ў школьныя гады купляў мiмозу, каб падараваць дзяўчыне, свайму першаму каханню.Заўсёды гэтае свята было святам змен, пераходу ад зімы да вясны, да сонейка.
А можа, без палітыкі? Заплюшчыць вочы і забыцца на тых дзяўчат, жанчын, якія зараз за кратамі? Не, я не магу. Ці можам мы забыцца на іх? Не, немагчыма.
Мы павінны сёння сказаць, што беларуская зямля нараджае для свету выключных, самых моцных, самых вольных, самых прыгожых, самых адкрытых, самых шчырых, самых добрых і светлых жанчын. Жанчын, якія рашуча выходзяць з кветкамі на вуліцы беларускіх гарадоў, якіх не атрымаецца запалохаць. Іх немагчыма спыніць, бо яны дораць людзям дабро. Як немагчыма спыніць Вясну.
Дарагія, цудоўныя, са святам вясны, са святам надзеі. Каб наша вясна прыйшла і падаравала ўсім нам шчасце, асалоду дабра і цяпла, як кожны дзень дорыць сонейка.
Са святам Вясны-2021!