Павел Севярынец: Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску
Пасля крыві і мільённых ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам — і спадкаемцам Вайніловіча.
Спрэчкі вакол асобы Эдварда Вайніловіча, аднаго з лідараў краёвага руху пачатку ХХ стагоддзя, і фундатара Чырвонага касцёла, насамрэч выяўляюць розніцу паміж бальшавіцкім падыходам, замяшаным на нянавісці, і сутнасна хрысціянскім персаналізмам.
Паводле камуністаў, Вайніловіч вызнаваў сябе палякам і не прыняў рэвалюцыі (адсюль робіцца выснова, што ён быў "не з народам"). Але палякам вызнаваў сябе і ліцьвін (беларус) паводле паходжання Адам Міцкевіч — і сквер ягонага імя з адпаведным помнікам у трох сотнях крокаў ад меркаванага сквера Вайніловіча не выклікае дыскусіяў і цудоўна ўпісаўся ў сталічную тапаніміку.
Што да непрыняцця бальшавіцкага перавароту — дык пасля крыві і мільённых ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам — і спадкаемцам Вайніловіча.
Помнік Вайніловічу ў Менску фактычна ўжо ёсць. Гэта фундаваны ім Чырвоны касцёл. Дарэчы, той самы, дзе ўпершыню ў Менску (1918 год) пачаліся казані па-беларуску. Той самы, дзе працавалі ахвярныя святары — хрысціянскія дэмакраты Адам Лісоўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Шутовіч ды іншыя. Той самы, дзе быў створаны Аргкамітэт БНФ у 1988-м.
І думаю, прычына камуністычнага шалу — якраз найперш у наяўнасці ды значэнні гэтага касцёла. Касцёл святых Сымона і Алены — сімвал шматразовай паразы камунізму і камуністаў. Сімвал правалу ваяўнічага бязбожжа. Сімвал руйнавання ўсеўладдзя Кампартыі. Сімвал адраджэння беларускага нацыянальнага руху.
Што ж да асобы Эдварда Вайніловіча — пра яго сведчаць ягоныя справы. Ён быў адным з бацькоў Менску ў цяжкія рэвалюцыйныя гады. Фундаваў не толькі касцёлы, але і праваслаўныя цэрквы. Гаспадар, мецэнат, вернік — ён увасабляе сабой зруйнаваны і сцёрты бальшавікамі з народнай памяці Менск шляхетны, прыгожы, прыстойны.
І тое, што рашэнне аб Слуцкім паўстанні прымалася ў слуцкім Доме Вайніловіча, і тое, што Дзень беларускага (бел-чырвона-белага) значка ў 1917-м адзначаўся ў менскім Доме Вайніловіча, і ягоны ўдзел у пасяджэннях Рады БНР — ставіць кропку ў пытанні, што значыць імя Вайніловіча для незалежнай Беларусі.
Менск варты Вайніловіча. Вайніловіч варты Менску.
Падтрымаць кампанію за наданне менскаму скверу ля Плошчы Незалежнасці імя Вайніловіча можна тут.