Павышаць пенсійны ўзрост або памяншаць зарплату? Інфаграфіка
Тэму правядзення пенсійнай рэформы беларускія ўлады абмяркоўваюць у апошнія месяцы асабліва актыўна. 10 лютага памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Якабсон заявіў, што ў краіне «сама сітуацыя выспявае для павышэння пенсійнага ўзросту».
Паводле яго слоў, у рэспубліцы павялічваецца сярэдняя працягласць жыцця, змяняюцца суадносіны працуючых і непрацуючых. «На аднаго работніка сёння становіцца больш непрацуючых», — цытуе Якабсона БелТА.
У гэтай сітуацыі ў Беларусі два шляхі: «Каб утрымліваць колькасць пенсіянераў за кошт існуючых рамак пенсійнага фонду, неабходна або паменшыць сярэднюю зарплату з тым, каб у пенсійным фондзе былі адпаведныя адлічэнні, або павялічыць пенсійны ўзрост».
Аляксандр Якабсон выказаў здагадку, што павелічэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі пройдзе ў некалькі этапаў. «Гэта не будзе аднамомантна — 60 і 65 гадоў. Будзе этапнасць. Але грамадства павінна даць згоду. Аб’ектыўна глеба для гэтага саспела», — лічыць ён.
Якабсон таксама звярнуў увагу на тое, што сёння ў свеце застаюцца толькі адзінкі краін, у якіх пенсійны ўзрост такі ж нізкі, як і ў Беларусі.