Пенсіянер: Спачатку мяне абрабавала дзяржава, потым збілі і аштрафавалі

23 верасня ў Кобрыне суддзя Алесь Бабаскін аштрафаваў пенсіянера, бацьку трох дачок Васіля Андрэюка на 10 базавых велічынь за ўдзел у нацыянальным Маршы за новую Беларусь, што адбыўся ў горадзе 23 жніўня.

Васіль Андрэюк на судзе (першы злева)

Васіль Андрэюк на судзе (першы злева)


Пад час суда спадар Васіль распавёў, што яшчэ ў 2015 годзе дзяржава яго абрабавала, калі адабрала нерухомасць, што мужчына прыдбаў на аўкцыёне ў 2009 годзе. На момант экспрапрыяцыі ў нерухомасць было ўкладзена больш за 30 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце.
Што тычыцца апошніх падзей, распавёў спадар Васіль, на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, вечарам 10 жніўня ён пачуў выбухі ў цэнтры гораду, дык пабег сустракаць сваіх дачок, якія вярталіся дахаты. На наступны вечар 11 жніўня разам з сярэдняй дачкой пайшоў сустракаць з працы старэйшую. І хоць у цэнтры горада было ціха, каля 21.30 пенсіянера жорстка затрымалі тры міліцыянты і збілі так, што да гэтай пары мужчына адчувае моцны боль у правым плечавым суставе.

Марш новай Беларусі 23 жніўня ў Кобрыне

Марш новай Беларусі 23 жніўня ў Кобрыне

На судзе Васіль Андрэюк так патлумачыў сваё знаходжанне ў цэнтры горада 23 жніўня. «Па абедзе прыкладна а 14.20 я вяртаўся з лазні праз пляц Волі, дзе вакол стэлы ў гонар вызваліцеляў Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў убачыў шмат сваіх землякоў. Прычым каля стэлы коўзаўся нейкі дарослы дзівак, які то ўздымаўся на пастамент помніка, то скакаў з яго. Такія дзеянні незнаёмага мужчыны былі для мяне абражальнымі, але супрацоўнік Кобрынскага РАУС, маёр міліцыі Міхась Вайтовіч, які знаходзіўся на пляцы Волі, у той момант аніяк не рэагаваў на непрыстойныя паводзіны гэтага дзівака. На маё меркаванне, Міхась Вайтовіч быў сярод тых трох міліцыянтаў, якія затрымлівалі і збівалі мяне вечарам 11 жніўня”, — зазначыў Васіль Андрэюк. Паводле яго, на пляцы Волі сустрэў сяброў і разам з імі прайшоў па гораду, які будаваў, калі працаваў майстрам «Брэсцкага домабудаўнічага камбінату».
Пенсіянер звярнуў увагу суда на тое, што разам з жонкай, якая працуе памочніцай выхавальніцы ў дзіцячым саду, маюць штомесячны сямейны даход троху больш за 800 рублёў, на якія трэба ўтрымліваць трох дзяцей, у тым ліку двух непаўнагадовых. Дзеянні дзяржавы адносна сваіх грамадзянаў цягам бягучага году спадар Васіль назваў непрымальнымі.

Бел-чырвона-белы сцяг лунае над цэнтральным пляцам места пад час Маршу Справядлівасці 20 верасня

Бел-чырвона-белы сцяг лунае над цэнтральным пляцам места пад час Маршу Справядлівасці 20 верасня

Падчас нацыянальнага Маршу Справядлівасці, што адбыўся 20 верасня ў шэрагу гарадоў краіны, Кобрын вылучыўся дзвюма падзеямі. Гэта запуск трох бел-чырвона-белых сцягоў на паветраных балончыках у раёне цэнтральнага пляцу і абарона ўдзельніка маршу ад міліцыянтаў, што спрабавалі жорстка затрымаць сталага мужчыну. На меркаванне мінакоў, гэтымі супрацоўнікамі РАУС былі Міхась Вайтовіч і Зміцер Швед.