«Перамены надыдуць хутчэй, чым нам усім здаецца». Адбыліся ператрусы і допыты наконт Руху «За Свабоду»

Сёння, 22 лістапада, прыйшлі з ператрусамі да актывістаў, якія калісьці былі сябрамі ці прыхільнікамі Руху «За Свабоду»

za_svabodu_2.jpg

Сёння з ператрусам прыйшлі да Аляксея Атрошчанкі. Пазней стала вядома, што гэты візіт сілавікоў быў звязаны з Рухам «За Свабоду».

Таксама ператрус адбыўся і ва Уладзіміра Кацоры. У яго нічога не забіралі, але задавалі пытанні, звязаныя з Юрыем Губарэвічам і Вольгай Быкоўскай, паведамляюць праваабаронцы.

З ператрусам сёння прыйшлі і да паэта, барда і журналіста, рэдактара незалежнага сайта beshankovichi.by Георгія Станкевіча. А 7-й раніцы да яго ў вёску Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёна прыехалі міліцыянты. Станкевіча павезлі ў райцэнтр, каб правесці ператрус у кватэры, дзе ён даўно не жыве. Сілавікі распытвалі Георгія пра Рух «За Свабоду». Іх цікавіла, хто такі Юрый Губарэвіч, дзе ён цяпер знаходзіцца, ці падтрымлівае затрыманы з ім кантакты.

«Нават запыталі, пра што б я хацеў з ім паразмаўляць, каб раптам сустрэў. Яшчэ супрацоўнікі міліцыі цікавіліся, што я ведаю пра «суполку Робін Гуд». Я пра яе нават і не чуў. Называлі яшчэ нейкія прозвішчы, але я такіх людзей не ведаю», — распавёў Георгій Станкевіч.

Таксама са Станкевіча ўзялі падпіску, што ён не будзе парушаць крымінальнае заканадаўства, у прыватнасці, артыкул 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»). Праз некалькі гадзін самі ж супрацоўнікі міліцыі прывезлі яго дадому.


Рух «За Свабоду» выступіў з адмысловай заявай наконт маштабнага пераследу актывістаў, «якія былі яго сябрамі ці прыхільнікамі да моманту ліквідацыі (19 лістапада 2021 года)».

У заяве адзначалася, што ў ранейшых актывістаў і прыхільніках Руху сёння, 22 лістапада, «прайшлі ператрусы і допыты».

«Афіцыйная падстава неправамерных дзеянняў сілавікоў — пошук інфармацыі пра актыўнасць Руху ў Беларусі», адзначаецца ў заяве сябраў рады арганізацыі, якія знаходзяцца за мяжой.

«Мы з поўным разуменнем ставімся да пазіцыі тых з вас, хто ў часе следчых дзеянняў заявіў, што ад моманту пазбаўлення Руху «За Свабоду» афіцыйнай рэгістрацыі 19 лістапада 2021 года не мае дачынення да яго дзейнасці і не знаходзіцца ў шэрагах арганізацыі.

Разам з тым, хочам паведаміць, што тыя сябры Руху «За Свабоду», якія здолелі пакінуць тэрыторыю рэжыму, у тым ліку мы асабіста, захоўваем шматгадовыя традыцыі нашай арганізацыі і робім усё магчымае, каб Беларусь стала па-сапраўднаму дэмакратычнай і незалежнай краінай.

Звяртаемся да міжнароднай супольнасці з патрабаваннем узмацніць ціск на рэжым, які працягвае парушаць правы грамадзян Беларусі.

Мы ацэньваем дзеянні прадстаўнікоў рэжыму як працяг палітыкі запалохвання і беззаконня.

Перамены надыдуць хутчэй, чым нам усім здаецца», — вераць аўтары заявы.

Нагадаем, 14 ліпеня 2021 года ў офісе Руху адбыўся ператрус, пасля чаго Следчы камітэт апячатаў памяшканне. 19 жніўня 2021 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне прыпыніць на 1 месяц дзейнасць арганізацыі.

19 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі прыняў рашэнне аб пазбаўленні рэгістрацыі Руху «За Свабоду». Фармальнай падставай стала другое папярэджанне, вынесенае арганізацыі цягам года.