Першамайскі мітынг у Мінску: затрыманыя паплечнікі Міколы Статкевіча (дапоўнена)

У Мінску 1 мая адбудзецца дазволены Мінгарвыканкам мітынг у абарону правоў працоўных і супраць дэкрэту «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Паводле заяўкі, у акцыі могуць прыняць удзел да 2 тысяч чалавек.

fedunich.jpeg


Па словах старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, ў заяўцы рэпаўцы прапанавалі тры магчымыя месцы правядзення акцыі — пляцоўка каля Опернага тэатру, сквер Янкі Купалы і Кіеўскі сквер.
— Заяўка, як і ў мінулым годзе, падавалася ад Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў. У адрозненне ад мінулага года, правядзенне дазволілі: з трох заяўленых пляцовак — каля тэатра оперы і балета, у скверы Янкі Купалы і ў Кіеўскім скверы, улады ў выніку выбралі Кіеўскі сквер — відавочна, гэта для іх прасцей, бо гэтую пляцоўку і раней дазвалялі, — паведаміў сайту praca-by.info Генадзь Фядыніч.
Мітынг адбудзецца 1 мая ў Кіеўскім скверы сталіцы з 14 да 16 гадзін.
***
На першамайскіх акцыях у Мінску затрыманыя пяцёра паплечнікаў Міколы Статкевіча. Яны знаходзяцца ў пастарунку міліцыі і пагражаюць абвясціць галадоўку, калі іх прысудзяць да арышту. Гэтую інфармацыю пацвердзіў Радыё «Свабода»  Мікола Статкевіч.
Затрыманыя генеральны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі «Народная Грамада» Сяргей Спарыш, кіраўнік гаркама Валянцін Троцкі і Рыгор Пагарцаў. Яны знаходзяцца пад наглядам міліцыянтаў. Паводле Статкевіча, яшчэ напярэдадні яны абвясцілі, што калі іх прысудзяць да арышту за акцыю на 1 мая, то яны абвесцяць галадоўку.
Паводле spring96.org