Пінскага журналіста Віктара Ярашука аштрафавалі за апытанку на вуліцы
У судзе Пінскага раёна і горада Пінска вынесена пастанова ў дачыненні да Віктара Ярашука. Гэта было другое судовае пасяджэнне. Першае праходзіла 3 чэрвеня і было перанесена на раніцу 7 чэрвеня. Суд палічыў неабходным дапытаць адзінага сведку, піша БАЖ.
Падставай для складання адміністрацыйнага пратаколу паслужыла апытанне жыхароў горада, зробленае 1 мая 2021 года і якое выйшла ў адным з
выпускаў навін на тэлеканале «Белсат». Апытанне тычылася падзей, якія
адбываліся ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, так званай «Пінскай бойні», і судовага працэсу, які завяршыўся ў Брэсце па гэтай крымінальнай
справе. Удзельнікі тых падзей атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі.
Падчас складання адміністрацыйнага пратакола, а таксама
падчас яго разгляду на першым пасяджэнні ў судзе Віктар Ярашук выкарыстаў
прадстаўленае Канстытуцыяй права не сведчыць супраць сябе і адмовіўся ад дачы
паказанняў. Ён растлумачыў, што ў цяперашні час з'яўляецца звычайным
пенсіянерам, дагаворныя адносіны з тэлеканалам «Белсат» у яго скончыліся ў канцы
2020 года, ніякіх відэаматэрыялаў у Варшаву ён не перадаваў.
Для ўстанаўлення датычнасці Ярашука да правядзення вышэйзгаданага
апытання грамадзян у суд выклікалі аднаго з яго ўдзельнікаў. Той пацвердзіў,
што пытанні 1 мая 2021 года на плошчы Леніна ў Пінску яму задаваў менавіта
Віктар Ярашук. З відэакамерай працаваў незнаёмы мужчына.
Суд палічыў Віктара Ярашука вінаватым у працы на замежнае
СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі і прызначыў
пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.
— На іншае рашэнне суду я і не разлічваў, — пракаментаваў «Медыя-Палесся» Віктар Ярашук вынік другога судовага пасяджэння.
Абскардзіць рашэнне ён не мае намеру, лічачы гэты крок бесперспектыўным.
— Канстытуцыя дае чалавеку права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі,
а законы гэтае права абмяжоўваюць. Вось у такіх умовах мы жывём, — дадаў ён.