Пінская Ніна Багінская просіць дапамогі
Спадарыню Алену ведае ўвесь Пінск. Тут яе называюць мясцовай Нінай Багінскай. Бескампрамісная і шчырая, яна прайшла праз некалькі судоў, атрымала штраф за гучную «карагодную справу», але ўсё яшчэ не баіцца гаварыць праўду, распавядае «Белсат».
![217939774_332941595151049_8990514965130687696_n.jpg 217939774_332941595151049_8990514965130687696_n.jpg](/img/v1/images/217939774_332941595151049_8990514965130687696_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Спадарыня Алена можа паказаць тое, як за дзясяткі гадоў
змянілася жыццё маленькай вёскі. І рэальнасць далёкая ад таго, у чым спрабуе
пераканаць беларусаў тэлевізар: гэтыя змены не пайшлі на карысць вясковым
жыхарам.
«Быў добры магазін на пераездзе. Была лазня. Клуба і школы
ўжо не было. Было тры будынкі добрыя кароўніка… Дык вось, на маіх вачах гэта
ўсё было разбурана», — кажа гераіня.
За сваю пазіцыю спадарыня Алена правяла ў зняволенні агулам
32 дні, перажыла 11 затрыманняў, атрымала 120 базавых велічынь штрафу. Але
заўсёды годна трымалася на судзе і не раз спрабавала пераканаць суддзяў у тым,
дзе праўда.
«Усе суддзі хаваюць позірк свой уніз, калі з імі размаўляю», — успамінае спадарыня Алена.
На выплату штрафу ў спадарыні Алены ідзе палова яе невялікай пенсіі. А грошай, што застаюцца, хапае на больш чым сціплае жыццё.
Пры гэтым спадарыня Алена ўмудраецца яшчэ і дапамагаць іншым. Менавіта для
таго, каб даваць прытулак тым, хто апынуўся на вуліцы, яна калісьці набыла
другі вясковы дом.
«Я грамадскі чалавек, займалася дабрачыннасцю, разлічвала
такім чынам, што ў адным доме я буду жыць, а другі будзе гасцявой хаткаю, каб
сябры маглі спыніцца. Ці людзі, якія маюць патрэбу», — дзеліцца гераіня.
Цяпер абодва дамы патрабуюць рамонту, на які ў пенсіянеркі
папросту няма грошай. І чалавек, які прывык даваць прытулак іншым, магчыма, да
зімы будзе вымушаны сам шукаць прытулку — калі не знойдуцца людзі, гатовыя ёй
дапамагчы з рамонтам.
Алена марыць крыху прывесці ў парадак хатку і печ.
Калі вы хочаце падтрымаць нашу гераіню з любога пункта свету — лістуйце на адрас belarus2belarus@gmail.com.