Пінскі чыноўнік браў хабар ежай

У Пінску асуджаны былы дзяржаўны інспектар па маламерных суднах за атрыманне хабару і службовы падлог.



sud6.jpg

У Пінску да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую установу адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем паўнамоцтваў па здзяйсненні юрыдычна значных дзеянняў, тэрмінам на пяць гадоў асуджаны зараз ужо былы дзяржаўны інспектар па маламерных суднах. 40-гадовы мужчына прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 427 КК РБ «Службовая падробка» і ч. 1. арт. 430 КК РБ «Атрыманне хабару».
- Будучы сябрам камісіі па прыёме экзаменаў на права кіравання маламернымі суднамі, абвінавачаны дазволіў аднаму з курсантаў адказваць на пытанні білета, які застаўся ў таго на руках пасля тэарэтычных заняткаў, - распавёў «Вячорцы» падрабязнасці крымінальнай справы намеснік Пінскага міжраённага пракурора Сяргей Гарошка. - За гэта інспектар атрымаў узнагароду ў выглядзе набору прадуктаў харчавання коштам 394 тыс. рублёў. А ў свайго добрага знаёмага, жадаючы захаваць з ім сяброўскія адносіны, экзамены наогул не прымаў. Аднак у экзаменацыйнай ведамасці паставіў станоўчыя ацэнкі, якія дазваляюць курсанту атрымаць дакумент на права кіравання маламернымі суднамі.
Асуджаны не стаў абскарджваць прысуд. Вердыкт суда ўступіў у законную сілу.
vb.by