Пенсіянеры падалі заяўкі на пікеты ў цэнтры Мінска

Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны падалі ў Мінскі гарвыканкам заяўкі на два пікеты ў цэнтры сталіцы.



sankevich.jpg

vk.com

Пра гэта паведаміла карэспандэнту НЧ адна з заяўніц акцый, жыхарка гораду Бабруйск (Магілёўская вобласць) Любоў Санкевіч.  

У заяўках за подпісамі 10 пенсіянераў зазначаецца, што ў пікетаваннях, запланаваных на 17 і 24 снежня за кошт асабістых сродкаў грамадзянаў, возьмуць удзел не больш за 15 чалавек у кожнай акцыі.

Падчас пікетавання мяркуецца выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.

Заяўнікі звярнулі ўвагу чыноўніцтва на тое, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету дадзена грамадзянам, адпаведна, артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Мінгарвыканкам як орган выканаўчай улады павінен забяспечыць рэалізацыю права грамадзянаў на правядзенне пікетавання і свабоднае выказванне меркавання ўдзельнікаў акцыі пад час яе правядзення, гаворыцца ў заяўцы.

Яе аўтары адзначаюць, што ў пікетаванні возьмуць удзел грамадзяне пенсійнага ўзросту, якія вядуць нармальны лад жыцця і карыстаюцца павагай у грамадстве. Прычым, заяўнікі акцыі гарантуюць грамадскі парадак і бяспеку падчас правядзення пікету.