Першы прысуд журналісту ў 2016-м: Ларыса Шчыракова аштрафаваная на 22 базавыя велічыні
Яе прызналі вінаватай у парушэнні арт. 22.9 КаАП — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а фактычна — праца на замежны СМІ без акрэдытацыі.
svaboda.org
Журналістку Ларысу Шчыракову суд Гомельскага раёна пакараў штрафам у памеры 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў). Справу разглядаў 13 студзеня суддзя Аляксандр Лісоўскі.
Прысутная на судовым паседжанні журналістка зявіла, што не прызнае сваёй віны. Яна даводзіла, што праца на замежны СМІ без акрэдытацыі не падлягае адміністрацыйнаму пакаранню, а “вырабам прадукцыі СМІ” можа займацца толькі рэдакцыя СМІ.
Рашэнне суда журналістка збіраецца абскарджваць у больш высокіх інстанцыях, паведамляе БАЖ.
Сюжэт, у вырабе якога абвінавачваюць журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлка Урыцкі і выйшаў у эфір тэлеканала “Белсат”. Пратакол склаў 24 снежня 2015 г. капітан міліцыі Гомельскага РАУС Р. Цітоў. Ларыса Шчыракова атрымала яго па пошце 4 студзеня.
Паводле дакумента, журналістка, знаходзячыся 24 снежня 2015 года ў аграгарадку Урыцкае Гомельскага раёна, не маючы акрэдытацыі ў якасці замежнага карэспандэнта СМІ, падрыхтавала інтэрв’ю ў розных грамадзян, незаконна вырабіла прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт “Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцця”, які быў апублікаваны 24.12. 2015 у эфіры тэлеканала “Белсат”.”
Нагадаем: напрыканцы мінулага і ў першыя дні новага года стала вядома пра некалькі новых пратаколаў па арт.22.9 КаАП: адзін – на Ларысу Шчыракову, два – на Кастуся Жукоўскага. Трэці пратакол на Кастуся Жукоўскага — з Веткаўскага РАУС — хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час прыйдзе яму поштай.
Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі накіравалі скаргі начальнікам Гомельскага, Калінкавіцкага і Кармянскага РАУС, супрацоўнікі якіх складалі пратаколы. Журналісты дамагаюцца адмены складзеных на іх адміністрацыйных пратаколаў.
Днямі ў Адміністрацыю прэзідэнта звярнулася кіраўніцтва ГА “БАЖ” — таксама з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў. Арганізацыя заклікала ведамства паспрыяць выкараненню практыкі неабгрунтаванага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у працу журналістаў.
Летась сп-ра Жукоўскага штрафавалі 6 разоў за парушэнне арт. 22.9 КаАП, Ларысу Шчыракову — двойчы. Агулам у 2015 годзе па артыкуле 22.9 КаАП незалежных журналістаў у Беларусі штрафавалі 28 разоў.