Польскі ўрад знайшоў 4,7 мільёна еўраў на «Белсат»
Урад Польшчы мае вылучыць каля 20 мільёнаў злотых на фінансаванне дзейнасці тэлеканала «Белсат» у 2018 годзе.
Гэта больш за 4 мільёны 760 тысяч еўра ў эквіваленце, паведамляе партал press.pl.
Такую суму тэлебачанне атрымае дзякуючы папраўцы ў польскі закон аб бюджэце, якую на разгляд у Камісію публічных фінансаў унесла адна з дэпутатак кіроўнай кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць», паведамляе Польскае Радыё.
Паводле рэсурсу, магчымасць, што папраўка не будзе прынятая дэпутатамі, раўняецца амаль нулю, паколькі яе прыняцце падтрымлівае кіраўнік кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі, якога называюць «чалавекам нумар адзін» у польскай дзяржаве.
Афіцыйны прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак сказаў «Нашай Ніве», што пленарнага галасавання па папраўцы ў польскім парламенце пакуль не было, але ён спадзяецца на добры вынік.
Штогод на функцыянаванне «Белсату» патрэбна 27—28 мільёнаў злотых. Да 2016 года МЗС Польшчы давала са свайго бюджэту на тэлеканал ад 16 млн да 20 млн злотых у залежнасці ад году. Частка грошай паступала ад замежных грантадаўцаў, урадаў ды кампаній.
30 снежня 2016 года Міністэрства замежных справаў Польшчы ў аднабаковым парадку спыніла пагадненне аб фінансаванні «Белсату». 10 снежня тэлебачанне адзначыць 10-гадовы юбілей.