Пошук экстрэмізму ў «Сабаках Эўропы» працягнулі яшчэ на 20 дзён
Выдавецтву "Янушкевіч" сёння стала вядома, што экспертыза рамана Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы" на прадмет наяўнасці ў ім прыкмет праяўлення экстрэмізму будзе працягнута яшчэ на 20 каляндарных дзён "по причинам сложности исследования" (афіцыйная фармуліроўка з палажэння дзейнасці экспертнай камісіі).

Нагадаем, перавыданне рамана Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы" ўжо амаль месяц знаходзіцца на экспертызе ў Мінскай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праяўленняў экстрэмізму. Па правілах, заключэнне эксперты павінны даць цягам 30 каляндарных дзён.

Выдавецтва, адзначае, што "мы, канечне, радыя, што шаноўныя эксперты яшчэ 20 дзён будуць цешыцца выдатнай беларускай прозай, атрымліваць асалоду ад прыгожай і багатай беларускай мовы, якой напісаны гэты, не пабаімся сказаць, вялікі твор беларускай літаратуры XXI стагоддзя, які дакладна ўвойдзе ў канон сусветнай літаратуры.
Аднак ёсць і сумны момант. Мы вельмі разлічвалі на продажы гэтай кнігі. Нашы банкаўскія рахункі па-ранейшаму заблакаваныя. З-за адсутнасці новых кніг-бестселераў нашы продажы з красавіка значна ўпалі, унутраныя рэсурсы амаль вычарпаныя. Цяпер мы рэальна аказаліся пад пагрозай спынення дзейнасці. !!! Мы просім вашай падтрымкі, і з гэтай мэтай абвяшчаем татальны распродаж нашых кніг у краме januskevic.by, які працягнецца да 14 траўня".
Тым не менш, выдавецтва кажа, што праца не спыняецца, анансуе некаторыя свае навінкі.
У бліжэйшы час павінны выйсці "Сараеўскае Мальбара" Міленкі Ергавіча (Харватыя) і "Сёння я не хацела б з сабой сустракацца" нобелеўскага лаўрэата Герты Мюлер. Ідзе праца над перакладамі новых кніг пра Гары Потэра ("Вязень Азбакана") і Ведзьмара ("Кроў эльфаў"), "Зорнымі дзённікамі" Станіслава Лема. Восенню ў планах выданне шыкоўнага рамана Дамінікі Словік (Польшча) "Зімоўля", славутай "Восені патрыярха" Габрыеля Гарсія Маркеса, ашаламляльнага бестселера Шчэпана Твардаха (Польшча) "Кароль".
А для дзетак рыхтуюцца новыя кнігі Эрвіна Мозэра і Святланы Татарнікавай.
«Мы вядзём перамовы над беларускім выданнем новага рамана Салі Руні (Ірландыя), аднаго з твораў Кормака Макарці (ЗША) (пакуль таямніца!). А неўзабаве, спадзяёмся, раскажам увогуле пра "бамбічэскую" падзею.Нас пастаянна штурмуюць чытачы з пытаннем, калі ж стане даступным новым выданне "Сабак Эўропы", і пакуль нічога не можам сказаць, апрача таго, што трэба пачакаць з навінамі недзе да 26 траўня... І напрыканцы. Будзе новая кніга Альгерда Бахарэвіча. "Хлопчык і сьнег". І гэта вельмі радуе».