З чым вас і віншуем!

Новы год не за гарамі. Краіна ўжо марыць пра мандарыны і шампанскае. Але шмат для каго гэта час падвядзення вынікаў. Відавочна, што асабліва над гэтым працуюць у Адміністрацыі прэзідэнта, рыхтуючы навагодняе віншаванне Аляксандру Лукашэнку. Паспрабуем ім дапамагчы.



str_1_newelka_1_logo.gif

Як звычайна, Аляксандр Рыгоравіч пачне з таго, што 2013 год быў няпросты. «Простых» гадоў у нас не існуе. Узгадаем, з чым мы ў яго ўступілі. З раздражнёнай пазіцыяй Расіі, выкліканай махлярствам з распушчальнікамі-растваральнікамі ў 2012-м, у выніку чаго ў 2013-м нафту нам давалі паквартальна. З моцнымі дэвальвацыйнымі чаканнямі — эксперты ўвесь год меркавалі пра магчымы зрыў рубля ў прорву. З шалёнымі выплатамі па знешніх пазыках — на абслугоўванне доўгу краіна аддала больш за 3 мільярды долараў. Але з маштабнымі планамі на развіццё ў выглядзе праграм утаймавання інфляцыі да 12%, ростам ВУП да 8,5% (казка, у якую не верыў ніхто) і мадэрнізацыі вядучых прадпрыемстваў.

Гэтыя выклікі мы павінны былі пераадолець. І нельга сказаць, што анічога ў нас не атрымалася.

Найперш падзякуем за фінансава-грашовую палітыку Нацбанку Беларусі. Ордэн за заслугі перад Айчынай атрымлівае Надзея Ермакова. У той час, калі ўсе чакалі дэвальвацыі, яна пакрысе адбываецца, але гэтага ніхто не заўважае. Глядзіце самі: на 1 студзеня курс долара быў 8 570 беларускіх рублёў. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу — 9 460. Зніжэнне долару за год склала 890 рублёў, альбо крыху больш за 10%. Нагадаем, што ў дэвальвацыю 2009 года долар «знізілі» на 20%, і гэта выклікала сацыяльны выбух. Зараз «у Багдадзе ўсё спакойна».

Ганаровую грамату за барацьбу за нафту атрымлівае Уладзімір Сямашка. Кожны квартал яму прыходзілася ездзіць і дамаўляцца пра пастаўкі. Але ж Беларусь у выніку не тое што не пацярпела — нават пасля скандалу з Баўмгертнерам нафта ў Беларусь ішла. Не адбылося нават значнага скарачэння паставак у сувязі з гэтым скандалам, чым пужала нас Масква. У выніку Беларусь у 2013 годзе атрымлівае 20,7 мільёна тон нафты. Гэта ў нечым «залатая сярэдзіна», бо жадалі б мы атрымаць 23 мільёны тон, а Расія хацела б паставіць 18,5 мільёна тон. То бок, краіна тут у выйгрышы.

Галоўны правал года — безумоўна, мадэрнізацыя. Выкінутыя на яе грошы можна лічыць змытымі ў прыбіральні. Як пачалася гэтая праграма на «Барысаўдрэве», дык там жа яна і скончылася. Як у 2012-м Лукашэнка «разнёс» кіраўніцтва прадпрыемства, так і давялося тое ж рабіць у 2013-м. Мадэрнізацыя цэментных заводаў таксама вынікаў не дала — беларускі цэмент застаўся дарагім і няякасным. Затое ўсіх павесяліў Ляхавіцкі ільнозавод, які за кошт мадэрнізацыйных грошай закупіў абсталяванне, якое проста не змяшчаецца ў будынак цэху.

Беларуская прадукцыя не карысталася попытам на знешніх рынках, што паказаў «складскі крызіс» вясны ўжо амаль мінулага года. Усе спробы вырашыць праблему адміністратыўнымі метадамі і прымусіць паслоў прадаваць калій па мяху сваім калегам з іншых пасольстваў, пацярпелі паразу. Тым больш, што ў зараз крызіс у ЕС і стагнацыя ў Расіі: неабдуманыя траты на нашы трактары ўжо ніхто дазволіць сабе не можа.

Паразай скончылася і барацьба з інфляцыяй. Нягледзячы на ўсе высілкі Нацбанка, па выніках лістапада яна склала 13,8% замест запланаваных максімум 12%. Адзін толькі кошт праезду ў 2013 годзе павышаўся тройчы, хаця яшчэ пасля першага падаражання ў маі адмыслоўцы ад уладаў казалі, што больш падаражанняў не будзе.

Ну, і самае кепскае — паламаліся «геапалітычныя арэлі», на якіх раскочваўся Аляксандр Рыгоравіч, патрабуючы грошы ад Захаду за недалучэнне да Масквы, і ў Крамля за няласку да Еўропы. Еўропа не заўважыла выразнага сігналу аб размяшчэнні ў Беларусі ваенна-паветранай расійскай базы, і не кінулася перакупаць Беларусь. Не прайшоў у Расіі «шантаж Баўмгертнерам» — сто мільёнаў долараў за яго так ніхто і не сплаціў. Вайсковыя вучэнні «Захад–2013» выклікалі звычайную заклапочанасць толькі ў Польшчы, дый тое гэтая заклапочанасць была, хутчэй, выкліканая неабходнасцю Польшчы атрымаць грошы ад NАТO на мадэрнізацыю свайго войска, а не рэальнай «пагрозай з Усходу». Абвешчаная на саміце ў Вільні спадаром Макеем магчымасць змякчэння візавага рэжыму з ЕС у Расіі таксама не выклікала належнай рэакцыі — Масква сама гэтым шляхам прайшла ўжо значна далей за Беларусь.

І, канешне ж, папсавала, псуе і будзе псаваць нервы Украіна. Каб яна падпісала пагадненне з ЕС пра асацыяцыю, то Беларусь бы апынулася «ў атачэнні ворагаў» з усіх бакоў, акрамя расійскага. Кепска? Канешне. Але ж Януковіч гэтае пагадненне не падпісаў, і зараз Масква будзе больш актыўна перакупляць Украіну. Беларусі ў гэтым выпадку застануцца толькі крошкі з барскага караваю.

Складаны быў год. Але ў новы мы ўваходзім са старымі праблемамі. Як і ў 2013-м, у 2014-м нам належыць выплачваць знешнія запазычанасці ў тым жа памеры — больш за 3 мільярды долараў. Золатавалютныя рэзервы, па папярэдніх дадзеных, на 1 снежня склалі толькі 6 мільярдаў 465,2 мільёна долараў. Пры тым, што «падушка бяспекі» ў нас вызначаная ў памеры 8 мільярдаў долараў. Грошы ўзяць няма адкуль, акрамя як спадзявацца на Чэмпіянат свету па хакеі альбо «страсаць» яе са сваіх грамадзянаў у выглядзе падаткаў і збораў (больш падрабязна пра гэта на стар. 5). І да чаго гэта прывядзе — невядома.

Пра новую крэдытную лінію ані ад Атныкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, ані ад МВФ, пакуль што нічога не чуваць.

Але мы жадаем вам шчасця і, у гэтай сітуацыі, — асабістых поспехаў, калі ўжо глабальных поспехаў у дзяржавы няма. І не забывайце знаходзіць падставы хоць для маленькай, але ж радасці: у 2013-м не ўвялі ані «выязную пошліну» ў 100 долараў, ані «падатак на беспрацоўных».