Ермакова: спяшацца з адзінай валютай не варта

Не варта спяшацца з увядзеннем адзінай валюты ў інтэграцыйных аб'яднаннях дзяржаў на прасторы СНД, лічыць старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова.



ermakova.jpg

Пра гэта яна заявіла на прамой лініі ў газеце "Звязда". Не ўсё так проста, як здаецца на першы погляд, сказала кіраўніца Нацбанка. Яна адзначыла, што варта прыгледзецца да таго, што адбываецца ў ЕС, "якое неадназначнае стаўленне ў асобных краінах да адзінай еўрапейскай валюты — еўра".

Надзея Ермакова лічыць, што сёння немагчыма ўвесці адзіную валюту ў рамках СНД, Мытнага саюза або Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на прынцыпах, якія былі ў Савецкім саюзе, і патрэбны нейкі іншы механізм збліжэння валют краін. 

Кіраўніца Нацбанка дапускае, што ў больш далёкай перспектыве, не раней чым праз дзесяць гадоў, увядзенне адзінай валюты можа стаць рэальным. Аднак, па яе словах, краінам, якія наважацца на такі сур'ёзны крок, патрэбны будзе доўгі і вельмі складаны шлях інтэграцыі эканомік і нацыянальных заканадаўстваў. 

Як паведамляў Тэлеграф, прэм'ер-міністр Расіі Дзмітры Мядзведзеў 13 снежня на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з прэм'ерам Беларусі Міхаілам Мясніковічам прапанаваў пралічыць усе наступствы патэнцыйна магчымага ўвядзення адзінай валюты Расіі і Беларусі. Паводле яго слоў, пераход на адзіную валюту — гэта максімальна цесная ступень інтэграцыі, да якой пераступаць трэба ў самую апошнюю чаргу, пралічыўшы ўсе наступствы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што час уводзіць адзіную валюту ў Мытным саюзе Беларусі, Расіі і Казахстана і будучыні Еўразійскім эканамічным саюзе яшчэ не прыйшоў. Ён адзначыў, што падобныя ідэі спрабуюць "штучна ўпіхваць" некаторыя палітыкі, "асабліва ў Расіі", але "сёння на парадку дня гэта не стаіць".

telegraf.by