Пра што кажа недакурак, кінуты міма сметніцы

Сучасны варвар — гэта чалавек, які не здатны асвойваць каштоўнасці заходняй цывілізацыі, але з задавальненнем спажывае яе матэрыяльныя даброты. Ён насцярожана ставіцца да любых новаўвядзенняў.



kashtounasci_1_logo.gif

У Мінску на праспекце Дзяржынскага каля станцыі метро Міхалова пабудавалі чарговую офісную вежу. Усё як належыць: суцэльнае шкло. Але вось на днях, калі я праязджаў на аўтобусе па паралельнай вуліцы, звярнуў увагу на высокі шэры будынак, што сваім убогім выглядам нагадвае турму. Гэта і была тая самая офісная вежа, але не яе галоўны фасад, а фасад, што выходзіў у двор.

Прызнаюся, мне спатрэбіліся час і дапамога гісторыка Андрэя Буроўскага, каб усвядоміць гэта дыялектычнае адзінства супрацьлегласцяў: «Наяўнасць фасадаў, якія адрозніваюцца, — галоўнага і дваровага — атрыбут створанага варварам асяроддзя. Позні варвар засвойвае, што галоўны фасад трэба зрабіць прыгожым, але ніякая сіла на Зямлі не прымусіць яго стварыць (і падтрымліваць) увесь аб’ект, цэласнае асяроддзе на адным узроўні, у стане ўпарадкаванасці і гармоніі. Варвар творыць для «начальства», гледача, але не для Бога».

Мяркую, чытач ужо здагадаўся, што ключавым паняццем гэтай «Азбукі паліталогіі» будзе паняцце «варвар».

Навошта яны ўсюды лезуць?

Традыцыйная трактоўка гэтага паняцця пададзена ў Вікіпедыі. Аднак нам яна не спатрэбіцца. Згодна культуролагу Ігару Якавенку, прынцыповае адрозненне архаічнай культуры ад цывілізацыі выяўляецца ў стаўленні да інавацый. У архаічнай культуры аб’ём культурнага рэсурсу на працягу жыцця аднаго пакалення змяняецца нязначна. Яе культурны суб’ект — архаічны чалавек, арыентаваны на самыя прымітыўныя формы гаспадарання і пастаяннае іх узнаўленне.

Для чалавека цывілізацыі наяўнасць бесперапынна зменлівага асяроддзя пражывання — натуральная ўмова існавання.

Архаічны чалавек, які жыве ў сваім архаічным свеце, не з’яўляецца варварам. Варварам ён становіцца падчас кантактаў з цывілізацыяй. «Самая яркая характэрная рыса варвара, — піша Якавенка, — амбівалентнае стаўленне да цывілізацыі. Варвар не можа жыць без цывілізацыі, але ў яшчэ меншай ступені ён здольны (і хоча) жыць у цывілізацыі».

Варвара прыцягвае да цывілізацыі тое, што можна абагульніць словам «карысць». Але выгоды цывілізацыі варвар выкарыстоўвае выбарачна. Напрыклад, з усіх выгод цывілізацыі афганскія маджахеды аддавалі перавагу амерыканскім пераносным зенітным комплексам «Стынгер».

З маджахедамі мне сустракацца не даводзілася, але я ведаю беларускіх пенсіянераў, чыё даўгалецце не ў апошнюю чаргу забяспечваецца заходнімі лекамі. Аднак гэта не перашкаджае ім асуджаць амерыканцаў за тое, што яны «ўсюды лезуць».

А яны сапраўды «ўсюды лезуць». Я пішу артыкул, лежачы на канапе. Над галавой у мяне гарыць лямпачка Эдысана. На століку стаіць тэлефон Бэла. На жываце ляжыць ноўтбук, начынены стандартным софтам і падлучаны да «спецпраектаў ЦРУ» (такое вызначэнне інтэрнэту даў Уладзімір Пуцін). Працягваць у тым жа духу можна да бясконцасці.

Цывілізацыя жаданая. Яна нараджае жаданыя выгоды, але адначасова яна смяротна небяспечная. Справа ў тым, што цывілізацыя нясе смерць варвару. Яна знішчае варвара як культурны тып, разбурае варварскі свет. Таму варвары, поўныя нянавісці да сваёй гістарычнай альтэрнатывы, актыўна асвойваюць «Стынгер» і інтэрнэт. Яны спрабуюць з іх дапамогай супрацьстаяць чужым культурным каштоўнасцям, што не перашкаджае ім абклейваць асабістыя фазэнды нямецкімі шпалерамі і замяняць беларускую сантэхніку на італьянскую.

Не горш, чым у краінах Захаду

Стаўленне ўлады і большасці беларусаў да Еўропы было і застаецца амбівалентным (дваістым). Ніхто ў нас не супраць еўрарамонту ва ўласнай кватэры, але ідэю правядзення еўрарамонту ў маштабах краіны сёння падтрымлівае толькі трэцяя частка насельніцтва. Калі б у чэрвені бягучага года беларусам далі магчымасць выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрапейскі саюз, то аб’яднанне з Расіяй выбралі б 47%, уступленне ў ЕС — 33% (НІСЭПД)

Для адзінага беларускага палітыка (АП) Еўропа — гэта сіла, якая марыць, «как удавкой, задушить нашу страну, нашу независимость». Задушыць для таго, каб «заставить быть такими, как все вокруг нас, как они, в конце концов» (Пасланне–2011).

Але гэта цёмны бок Месяца. Калі ж зазірнуць на яго светлы бок, то нечакана высветліцца, што і сам кіраўнік дзяржавы марыць бачыць беларусаў такімі, «як яны». Адкрыем яго перадвыбарчую праграму ўзору 2006 года: «Основная задача на ближайшие пять лет — довести качество жизни наших граждан до уровня, сравнимого с западноевропейским. Причем мы понимаем качество жизни не только как уровень зарплаты, но и доступные жилье, образование, медицинская помощь, гарантированные рабочие места, экология и многое другое».

Ну што тут скажаш? Калі палітык хоча размаўляць з беларускімі выбаршчыкамі на зразумелай мове, то свае абяцанні ён вымушаны прывязваць да еўрапейскіх стандартаў. Іншых стандартаў у сучасным свеце не існуе.

Дасягнуць якасці жыцця, «сравнимого с западноевропейским», да абяцанага тэрміну не ўдалося. Таму ў чарговай перадвыбарчай праграме мы чытаем: «К 2015 году уровень жизни в Беларуси приблизится к европейскому».

Для 31% беларусаў гэта расплывістае абяцанне «приблизиться» аказалася перакрытым ужо ў бягучым годзе (гл. табліцу). Рэкордная колькасць аптымістаў (53%) была зарэгістраваная ва ўзроставай групе 60 гадоў і старэй, г. зн. сярод пенсіянераў. Не выключана, што гэтаму спрыяў сярэдні памер пенсій, які склаў у траўні 232,4 долара ў эквіваленце.

Сярод прыхільнікаў АП жывуць не горш, чым у краінах Захаду, 49%! Як тут ні прыгадаць калегаў-аналітыкаў, якія рэкамендуюць палітычным праціўнікам кіраўніка дзяржавы «выйсці з апазіцыйнага гета». Навошта? За межамі гета палова беларусаў, па іх уласным прызнанні, дасягнула еўрапейскага ўзроўню спажывання, і гэты ўзровень забяспечаны роднай эканамічнай мадэллю. Пра якую альтэрнатыву тут можна весці размову?

 

Хаатызацыя прасторы

У ноч на 20 жніўня невядомыя пафарбавалі сіняй фарбай верхнюю частку зоркі на шпілі высоткі на Кацельнічаскай набярэжнай у Маскве і замацавалі сцяг Украіны. 21 жніўня па абвінавачванні ў вандалізме былі затрыманыя чацвёра маладых людзей.

Пасля аператыўнага ўмяшання Генеральнай пракуратуры абвінавачванне па арт. 214 КК РФ (вандалізм) аператыўна замянілі на абвінавачванне па ч. 2 арт. 213 КК РФ (хуліганства). Зараз, у выпадку перадачы справы ў суд і прызнання падазраваных вінаватымі, ім можа пагражаць не тры гады, а сем гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым пастановай пракурора Масквы справа забраная з вытворчасці аддзела дазнання Таганскага АМУС і перададзена ў Галоўнае следчае ўпраўленне МУС Расіі. Вось як усё сур’ёзна!

Але мы жывем у век інтэрнэту, і таму маем магчымасць зірнуць на задні фасад высотак на Кацельнічаскай набярэжнай. Мясцовымі Сікейрасамі (мексіканскі мастак-манументаліст) ён багата пакрыты фрэскамі. Асабіста мне сярод шматлікіх абстрактных сюжэтаў спадабалася рэалістычная выява чэрапа і перакрыжаваных костак.

Няцяжка здагадацца, што ні Таганскі АМУС, ні тым больш Галоўнае следчае ўпраўленне МУС Расіі фрэскі на заднім фасадзе высотак не цікавяць. Іх аўтары могуць спаць спакойна.

Звернемся да нядаўняга мінулага. Кожны савецкі чалавек ведаў, што зона вышэйшай упарадкаванасці распаўсюджвалася толькі на асаблівы, вузкі клас аб’ектаў. У тыпавы набор уваходзілі абкам, аблвыканкам, будынак дзяржбяспекі, рытуальная плошча з помнікам правадыру. Толькі гэтыя аб’екты былі бездакорна па савецкіх мерках пабудаваныя і эксплуатаваліся, уяўляючы сабой асабліва дагледжаную прастору. Усё ж астатняе, у тым ліку і тэатры, музеі, стадыёны, санаторыі, было фатальна дэфектнымі. Перш за ўсё, гэтыя аб’екты мелі два вельмі адрозныя галоўныя фасады — фасад галоўны і фасад дваровы.

Як адзначаў гісторык, якога я цытаваў вышэй, асяроддзе навакол чалавека арганізоўвалася (яно працягвае так арганізоўвацца. — С.Н.) такім чынам, каб элемент неўладкаванасці і бязладзіцы заўсёды знаходзіўся ў полі зроку.

На кожным прыпынку грамадскага транспарту ў Мінску ўстаноўлены сметніцы, але сучасныя варвары штодня пакрываюць пластом недакуркаў усю вольную прастору вакол прыпынкаў. Тут мы маем справу з фундаментальнай культурнай нормай. Варвар, сутыкнуўшыся з акультуранай прасторай, успрымае яе як «чужую», і таму ў яго ўзнікае патрэба «апусціць» (хаатызаваць) прастору да прымальнага ўзроўню.

Кароткія высновы

Сучасны варвар — гэта чалавек, які не здатны асвойваць каштоўнасці заходняй цывілізацыі, але з задавальненнем спажывае яе матэрыяльныя даброты.

Варвар насцярожана ставіцца да любых новаўвядзенняў, і гэта мякка сказана. Як тут ні прыгадаць бульбяныя бунты XVIII стагоддзя ў Расіі. Між тым, без бульбы поспех прамысловай рэвалюцыі ў Еўропе быў бы не такі пераканаўчы. Бульба стала таннай крыніцай калорый, і яе было лёгка вырошчваць, што дазволіла вызваліць працоўныя рукі, раней занятыя працай на зямлі. Фрыдрых Энгельс лічыў, што бульба была падобнай да жалеза паводле сваёй «гістарычнай рэвалюцыйнай ролі».

Рэдкае наведванне АП прамысловых або сельскагаспадарчых прадпрыемстваў абыходзіцца без патрабавання ўзмацніць тэхналагічную дысцыпліну. 70 гадоў таталітарная дзяржава прывучала «чалавека савецкага» да асноў тэхналагічнай культуры. Таталітарызм трансфармаваўся ў аўтарытарызм, але «воз і зараз там». Варвар трансфармацыі не падлягае. Татальныя парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны, незлічоныя адступленні ад стандартаў і нарматываў невынішчальныя.

Спіс характарыстык сучаснага варвара можна працягнуць. Аднак фармат артыкула патрабуе паставіць кропку.