Праблемы абароны праваабаронцаў абмеркавалі ў Мінску

20 снежня ў Мінску выпускнікі адукацыйнай праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека “Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў” абмеркавалі пытанні абароны праваабаронцаў ад рэпрэсій з боку ўладаў.



skacannyje_fajly_1_.jpg

Удзельнікі сустрэчы зазначылі, што людзі, якія абараняюць правы іншых, самі часцяком становяцца аб’ектам прэсінгу з боку дзяржавы. На жаль, большасць постсавецкіх  дзяржаваў, у тым ліку і беларуская, успрымаюць праваабаронцаў не як неабходны складнік для эвалюцыйнага развіцця грамадства, а як непажаданы элемент. Гаворка, між іншым, ішла пра вопыт нядаўніх падзей ў Беларусі і Азербайджане, дзе вядомыя праваабаронцы зазналі рэпрэсіі, што, на думку ўладаў, павінны запужаць астатніх калегаў, заставіць іх адмовіцца ад абароны правоў чалавека. Вось чаму ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што неабходна распрацаваць канцэпцыю абароны праваабаронцаў ад рэпрэсіяў з боку дзяржавы.  

Апроч таго, падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні выкарыстання нормаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах на пачатковых этапах абароны правоў чалавека ў айчынных судах. Такі падыход будзе карысны, у тым ліку для азнаямлення суддзяў, пракурораў і адвакатаў са стандартамі міжнароднага права ў галіне абароны правоў чалавека, а таксама дазволіць больш абгрунтавана рыхтаваць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.