Працэдура рэгістрацыі замежнікаў у Беларусі стане прасцейшай

Са студзеня 2019 года замежныя грамадзяне змогуць бясплатна рэгістравацца па месцы знаходжання ў Беларусі праз інтэрнэт. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на дзяржаўную газету «Рэспубліка».

vladtime.ru

vladtime.ru

Цяпер іншаземцы павінны зарэгістравацца па месцы знаходжання на працягу пяці сутак. У хуткім часе Міністэрства ўнутраных спраў дазволіць ім знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі 10 дзён і праходзіць гэтую працэдуру па інтэрнэце бясплатна. Першы намеснік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Віталь Навумчык у інтэрв'ю газэце паведаміў, што рэгістрацыя ў Беларусі існуе яшчэ з часоў СССР.
«Гэта элемэнт арганізацыі бяспекі грамадзян і краіны. Нам важна адсочваць міграцыйныя патокі і разумець, хто да нас едзе. На жаль, іншаземцы робяць і правапарушэнні, і злачынствы. Дарэчы, наша краіна не адзіная, дзе працэдура рэгістрацыі абавязковая. Ведаю, што існуе яна ў Чэхіі, Нямеччыне і некаторых дзяржавах СНД», — сказаў Навумчык.
Паводле чыноўніка, грамадзяне Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Казахстану могуць заставацца ў Беларусі без рэгістрацыі 30 дзён, Расіі — 90 дзён.
Турысты з іншых краін абавязаны зарэгістравацца па месцы знаходжання на працягу пяці сутак. Калі яны спыняюцца ў гатэлі, санаторыі або аграсядзібе, то рэгіструюцца пры засяленні бясплатна. Калі ж іншаземец здымае кватэру або жыве ў знаёмых, то яму трэба з'явіцца ў раённы аддзел грамадзянства і міграцыі і заплаціць за паслугу суму, эквівалентную адной базавай велічыні.
За парушэнні, звязаныя з рэгістрацыяй, пагражае папярэджанне, штраф да 20 базавых велічынь або дэпартацыя. Але апошняя мера, паводле Віталя Навумчыка, ужываецца толькі ў выпадку наўмысных грубых парушэнняў. Калі турыст або бізнесмен не разабраўся і прыйшоў у Аддзел грамадзянства і міграцыі на дзень пазней, то ніхто такой санкцыі не прымяняе.
Чыноўнік таксама патлумачыў, што ў МУС вырашылі спрасціць працэдуру рэгістрацыі ў сувязі з ростам турыстычнай плыні і павышэннем інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Віталь Навумчык таксама паведаміў, што тэрмін знаходжання ў краіне без рэгістрацыі павялічаць да 10 дзён у канцы 2019 года, і звязана гэтая затрымка з вялікім аб’ёмам працэсу распрацоўкі адпаведных нормаў і інструкцый.
Радыё Свабода