Працягваецца пад'ём узроўню вады на асноўных беларускіх рэках
У Гомельскай вобласці рачная й адталая вада затапіла каля 140 падворкаў у 8 раёнах.
Больш за ўсё падтопленых населеных пунктаў зараз налічваецца ў Гомельскай вобласці. Тут паводка «накрыла» каля 140 падворкаў у 8 раёнах, піша gomel.today. У мясцовае прадстаўніцтва «Белдзяржстраха» паступіла ўжо каля 360 заяў ад жыхароў падтопленых раёнаў. Гаворка ідзе аб кампенсацыі шкоды, нанесенай вадой як будынкам, так і іншай маёмасці.
Намеснік дырэктара абласнога філіялу «Белдзяржстраха» Міхаіл Кузьміч удакладняе, што ўжо традыцыйна жыхары раёнаў, якія могуць апынуцца ў зоне паводкі, добраахвотна страхуюць дамы, пабудовы й іншую маёмасць на выпадак падтаплення. Толькі за люты й сакавік у абласным фіяліяле было заключана каля 350 дамоваў, а ў агульнай колькасці звыш 9,4 тысяч. Зараз гаспадары домаўладанняў, дзе вада заявілася на падворках звязваюцца з прадстаўнікамі «Белдзяржстраху». Як толькі паводка пойдзе на спад, спецыялісты пачнуць адрасную працу, канстатаваў чыноўнік.
На выпадак масавых зваротаў створаны мабільныя групы, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку для ацэнкі шкоды, нанесенай вадой. У філіяле адзначаюць, што сітуацыя не выглядае пагрозлівай і знаходзіцца пад поўным кантролем.
Тым часам атрад хуткага рэагавання абласнога Чырвонага крыжа паспяшаўся на дапамогу самотным старым, інвалідам, шматдзетным семʼям, чые маёнткі былі закранутыя паводкай. За апошні тыдзень валанцёры пабывалі ва ўсіх падтопленых раёнах.