«Працоўная» міграцыя баявікоў ЛНР і ДНР у Беларусь
У беларускую службу міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm звярнуліся чытачы, якія апазналі ўладальніка аўтамабіля, зафіксаванага ў жніўні на вуліцах Гродні з сімболікай «ДНР».

Гэтае расследаванне ёсць яскравым прыкладам аднога з эфэктыўных відаў выведкі — HUMINT (human intelligence) — зваротнае сувязі і супрацы з нашай супольнасцю грамадскіх актывістаў, людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якім баліць за Беларусь і якія шчыра прагнуць спыніць на нашай зямлі любыя праявы «русского мира» і паўтарэння лёсу шматпакутнага Данбасу. Хочам падзякаваць чытачам, якія адгукнуліся і надалі нам усю неабходную інфармацыю для здзяйснення далейшай выведкі адкрытых крыніцаў што да выяўлення і ідэнтыфікацыі прыхільнікаў прарасійскіх бандфармаванняў.
Выяўленне аб’екту пошуку

Фота зробленае ў жніўні на пр. Янкі Купалы ў Горадні, жнівень 2016 г. | (c) БелСат
Паводле сведчанняў нашых інфарматараў аўтамабіль Mazda 626 з рэгістрацыйным нумарам 6319 KX-5 быў зафіксаваны ў Стаўпецкім раёне Менскае вобласці. Было вызначанае патэнцыйнае кола падазраваных, у якое патрапілі актывісты прарасійскіх арганізацыяў, казачых парамілітарных фармаванняў і арганізатары вайскова-патрыятычных клюбаў. Падчас выведкі адкрытых крыніцаў (OSINT) мы атрымалі інфармацыю, што на тэрыторыі Стаўпецкага раёну з вясны 2014 году досыць актыўна пачалі сяліцца перасяленцы з Данбаса, якім мясцовыя ўлады надаюць жыллё, забяспечваюць працай і нават фінансавай дапамогай.
Машына з беларускімі нумарамі можа належаць як грамадзянам Беларусі, гэтак і асобам, якія маюць від на жыхарства ў нашай краіне, таму было вырашанае ўключыць у кола падазраваных таксама і гэтых данбаскіх уцекачоў — патэнцыйных прыхільнікаў расійскіх тэрарыстычных груповак, якім улады Беларусі досыць актыўна выдаюць дакументы на пражыванне.
Адной з цэнтральных крыніцаў для пошуку сталася мясцовая «раёнка» — Стаўпецкая раённая газета «Прамень» — якая праз прапагандысцкае выхваленне і параўнанне з вайной ва Украіне цуду беларускага «дабрабыту» і «росквіту» падала масу інфармацыі пра сем’і данбаскіх перасяленцаў. Нашую ўвагу прыцягнула сям’я Ганны Шарамет, 1955 г.н., якая неаднойчы ўзгадваецца ў публікацыях (1, 2, 3, 4, 5, 6) і нават патрапіла ў сюжэты цэнтральных тэлеканалаў «БТ» і «СТВ». Было выяўлена, што яна разам з сям’ёй свайго сына, Захара Шарамета, і сям’ёй дачкі, Наталлі Вазьнюк (Шарамет), улетку 2014 года, падчас актыўнае фазы вызвалення ЗСУ акупаваных тэрыторыяў ад расійска-тэрарыстычных войскаў, перабраліся ў Беларусь з Ясінавацкага раёна і г. Канстантынаўка Данецкай вобласці Украіны.
У выніку вывучэння сваяцкіх сувязей, вызначэння шэрагу асобаў, якія пераехалі ў Беларусь, было выяўленае, што аб’ект пошукаў — аўтамабіль з тэрарыстычнай сымболікай «ДНР» — належыць сям’і Андрэя й Наталлі Вазьнюк (дачка Ганны Шарамет) (архіў на фота).

Андрэй Вазьнюк са сваёй машынай
Паводле паведамленняў раённай газеты, яны працуюць у сельскагаспадарчым прадпрыемстве ААТ «Каганец», вытворчыя магутнасці якога знаходзяцца ў вёсцы Засулле і Зарэчча Стаўпецкага раёну. Варта нагадаць, што ў гэтых мясцінах першыя гады свайго жыцця бавіла будучая старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
На фота ніжэй гэтая ж машына з нумарам 6319 KX-5 зафіксаваная на падворку, меркавана ў вёсцы Зарэчча Стаўпецкага раёну, побач з Захарам і Нінай Шарамет падчас свежыны (архіў):

На прыкладзе вывучэння шматлікіх профіляў сацсетак данбаскіх перасяленцаў, якія прыязджаюць у Стаўпецкі раён Менскае вобласці, можна зрабіць выснову, што збольшага гэта людзі, якія цалкам падтрымліваюць дзеянні тэрарыстычных утварэнняў «Л/ДНР», віталі прыход новага дзівоснага «русского мира» у свой уласны дом, а зараз вымушаныя бадзяцца і любіць яго на адлегласці. Не ёсць выключэннем і сама Ганна Шарамет і ейныя сваякі, якія самааддана рэтранслююць у навакольнае асяроддзе, толькі цяпер Беларусі, увесь свой звычайны прапагандысцкі набор.
Ніжэй падаем тыповы анамнез сярэднестатыстычнай сям’і данбаскіх перасяленцаў, якія мігруюць у Беларусь:












Сын Натальлі Вазьнюк — Арцём Шарамет (архіў на профіль, кантакты) — не саступае сваёй маці і родным у праявах нянавісці і нават пераўзыходзіць іх праз свае вершаваныя радкі, якія нават выкарыстоўваюць некаторыя тэрарыстычныя паблікі расійскіх сацсетак (архіў):

Неабходна таксама зазначыць і гэтае ўпадабанне непрыхаванага здзеку данбаскіх мігрантаў з назвы нашай краіны, улады якой бяздумна прымаюць прыхільнікаў тэрарыстычных груповак і заўтрашніх магчымых баявікоў на нашай зямлі:

Выяўленне баявіка на тэрыторыі Беларусі
Падчас выяўлення аб’екту пошукаў быў ідэнтыфікаваны баявік расійска-тэрарыстычных сілаў Максім Мандрыкін, імя якога таксама падала ў адным з рэпартажаў стаўпецкая раёнка. Баявік, які яшчэ не фігуруе ў базе дадзеных цэнтра «Міратворац», пераехаў у 2014 г. разам з сваёй сям’ёй на Стаўпеччыну. Як і ў выпадку з Шараметамі і Вазьнюкамі, мясцовыя ўлады аператыўна надалі ягонай сям’і жытло ў н.п. Новая Вёска Стаўпецкага раёну і знайшлі працу ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве ААТ «Вялікі Двор». Варта зазначыць, што ў беларускіх рэгіёнах пануе досыць вялікі ўзровень беспрацоўя, не кажучы ўжо і пра тое, што маладыя сем’і вымушаныя шмат гадоў жыць у інтэрнатах, чакаючы ў чарзе на ўласнае жыллё.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:
Максім Алегавіч Мандрыкін, 03.02.1986 г.н., родам з сяла Раскошнага Лутугінскага раёна Луганскай вобласці (архіў на профіль «ОК», профіль «VK» (неактыўны), кантакты).

З’яўляецца баявіком так званага асобнага батальёну матэрыяльнага забеспячэння (АБМЗ, в/ч Л-14941) у складзе 2-га Армейскага корпусу (Луганск) расійска-тэрарыстычных войскаў. Нягледзячы на тое, што ў большасці выпадкаў баявікі робяць свае профілі прыватнымі і падаюць мінімум якіх-кольвек сведчанняў, дадзеныя пра іх прыналежнасць да незаконных збройных фармаванняў усё адно трапляюць у адкрыты доступ. Не апошнюю ролю ў гэтым граюць перадусім сваякі і блізкія злачынца, якія выкладваюць дастаткова шмат неабходнай для выяўлення інфармацыі ў сеціва. Не ёсць выключэннем і наш фігурант, жонка якога, Ірына Мандрыкіна, выклала ў сваім профілі фотаздымкі са сваім мужам у параднай форме, зробленыя ў луганскім Скверы “Жаўнерскай славы”

У фатаздымках «лейтэнант» Мандрыкін зафіксаваны не толькі з шаўронам так званага “АБМЗ 2-га АК”, але і нават з медалькамі, якія, цалкам магчыма, атрымаў за забойствы ўкраінцаў (архіў:1, 2).

Профіль Ірыны Мандрыкінай значна больш інфарматыўны за профіль яе мужа. У фотаальбомах (1, 2) адлюстраваныя і асаблівасці перыяду беларускага аграрнага жыцьця сям’і баявіка і нават уласныя вырабы хэндмэйд з “патрыятычнай” сімболікай тэрарыстычнага ўтварэння «ЛНР».


Маецца нават супольны фатаздымак з адным з самых адыёзных расійскіх прапагандыстаў Грэмам Філіпсам.

Паводле нашай інфармацыі, сям’я Мандрыкіных пасля практычна года пражывання ў Беларусі вярнулася ў Луганск. Цалкам мажліва, гэта толькі часовае вяртанне.
Рэальныя лічбы данбаскіх “уцекачоў”
Дзеля ўсведамлення ўзроўню небяспекі след ведаць і апераваць лічбамі рэальнае колькасці данбаскіх перасяленцаў у Беларусі. На жаль, вымушаны канстатаваць, што дадзеныя пра 160 тысячаў уцекачоў з Украіны, якія агучыў 30 сакавіка 2016 году Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам і паўтарыў 26 верасня 2016 году кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімер Макей у інтэрвію Радыё ААН, абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці.
Цалкам магчыма, вядзецца пра спробу маніпуляцыі лічбамі перад сусветнай суполнасцю і выкарыстаннем сумнеўнага статусу Беларусі як краіны-міратворца і пляцоўкі для перамоваў дзеля атрымання пэўных фінансавых і палітычных прэферэнцыяў. Паводле фактычных дадзеных Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС РБ, на працягу 2014–2015 гадоў наконт статусу ўцекача або дадатковай абароны звярнуліся 1.642 грамадзяніна Украіны, з якіх станам на 2015 год дадатковую абарону атрымалі 1.089 чалавек і толькі 1 (адзін!) з іх атрымаў афіцыйны статус уцекача. Абсалютная большасць данбаскіх перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ў статусе працоўных мігрантаў, якім улады акурат і выдаюць часовае (на год) ці сталае права на жыхарства. Такіх мігрантаў на працягу з 1 студзеня 2014 па 1 ліпеня 2016 году зарэгістраванае агулам 35.157 чалавек (паводле статыстычных дадзеных ДГМ МУС РБ: 1, 2, 3), сярод іх шмат працоўных мігрантаў з усёй тэрыторыі Украіны, не толькі з Данбаса. Апроч гэтага пэўная колькасць з’яўляецца сезоннымі мігрантамі, якія потым вяртаюцца ва Украіну. То бок паводле самых аптымістычных падлікаў, у Беларусі знаходзіцца прыблізна 25–30 тысяч данбаскіх мігрантаў. Аднак і гэтая колькасць вельмі значная і істотная, бо вядзецца не пра звычайных перасяленцаў — мірных шахцёраў і трактарыстаў — але прыхільнікаў і памагатых расійска-тэрарыстычных войскаў, якія свядома ці нясвядома з’яўляюцца носьбітамі агрэсіўнай вайсковай прапаганды, а таксама баявікоў з значным баявым досведам, для якіх вартасць чалавечага жыцця істотна зніжаная.
Выснова
Усе выкладзеныя ў гэтым расследаванні сведчанні на прыкладзе толькі аднаго з 118 адміністрацыйна-тэрытарыяльных раёнаў Беларусі сведчаць пра істотную праблему насычэння краіны баявікамі бандфармаванняў тэрарыстычных утварэнняў «Л/ДНР», а таксама іхнымі прыхільнікамі і памагатымі. Мясцовыя ўлады не толькі не ўсведамляць рэальную пагрозу, якая сыходзіць ад гэтых звястуноў і носьбітаў «русского мира», але дзеля сваіх уяўных прапагандысцкіх мэтаў надаюць ім жыллё і працаўладкоўваюць. Уладныя мужы не разумеюць, што тыя, хто аднойчы праз свае словы і дзеянні знішчыў мір і спакой у сваім уласным доме, могуць паноўна зрабіць гэта з лёгкасцю і ў чужым. Сваімі ўласнымі рукамі яны ствараюць па ўсёй Беларусі расаднік прарасійскіх і антызаходніх настрояў, які гадуецца на папярэдне добра ўгноенай крамлёўскаю прапагандаю глебе.
Праз непазбежную актывізацыю баявых дзеянняў і вызваленне Збройнымі Сіламі Украіны пазасталых акупаваных раёнаў Данбасу, у Беларусь прагназавана хлынуць дзясяткі і, мажліва, сотні тысячаў уцекачоў, пагатоў глеба для іх прыёму ў выглядзе першай хвалі перасяленцаў ужо падрыхтаваная. З вялікай доляй верагоднасці ўсе яны будуць актыўна падтрымліваць спробы рэалізацыі любога з запланаваных Расійскай Федэрацыяй сцэнараў дэстабілізацыі нашай дзяржавы з наступнай непазбежнай анексіяй і ператварэннем яе на суцэльны вайсковы плацдарм.
Варта тэрмінова і неадкладна здзяйсняць захады для ўзмацнення ўсёй сістэмы нацыянальнае бяспекі Беларусі. Патрэбна ўводзіць паўнавартасны памежны кантроль на мяжы з Расіяй, які трэба было б застасаваць яшчэ ў 2014 годзе: дзеля дэмаркацыі і абсталявання яе сродкамі кантролю патрэбныя грошы і, галоўнае, час. Жыццёва неабходна спыніць не толькі некантраляваныя патокі мігрантаў, але і зброяй з акупаванай часткі Украіны, а таксама наркатрафіку з РФ. Неабходна скасаваць папулісцкую заканадаўчую базу, якая надае прэферэнцыі данбаскім “перасяленцам” у атрыманні жылля, працы, адукацыі і дае ім роўныя правы з беларусамі. Усім гэтым з першага дня вайны займаецца ўкраінская дзяржава, якая здзяйсняе ўсю належную, забяспечаную заканадаўствам дапамогу вымушаным перасяленцам. Неабходна таксама задзейнічаць захады прафілактычнага нагляду за мігрантамі з Данбаса дзеля папярэджання правапарушэнняў і кантролю за сітуацыяй; спыніць любыя ідэалагічныя мерапрыемствы з заангажаваннем данбаскіх мігрантаў.
Матэрыял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускай службы міжнароднай супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын.