Працоўных МТЗ, якія не знаходзяцца ў «афіцыйным» прафсаюзе, пагражаюць звольніць?

Такая інфармацыя паступіла ад сябраў прафсаюза РЭП, якія працуюць на Мінскім трактарным заводзе.

prafsayuz.jpg


Прававы інспектар прафсаюза РЭП Юры Белякоў і старшыня Мінскай гарадской арганіацыі РЭП Ігар Комлік наведалі 91-ы цэх МТЗ, каб спраўдзіць інфармацыю.
— Ад працоўных МТЗ — сябраў прафсаюза РЭП паступіла інфармацыя, што розныя выплаты, сацыяльныя гарантыі не будуць прадастаўляцца працоўным, якія не з'яўляюцца сябрамі афіцыйнага прафсаюзу Белпрофмаш, і з імі не будуць працягвацца працоўныя кантракты. Дадзеную інфармацыю часткова пацвердзіў начальнік участку Раман Васільевіч Крывіцкі, заўважыўшы, што такая інфармацыя даведзеная яму, а ён ужо перадаў яе іншым працаўнікам, — адзначае Ігар Комлік.
— Нібыта сябры афіцыйнага прафсаюза звяртаюцца ў прафком са скаргамі [на сябраў прафсаюзу РЭП], на падставе чаго і прынятае такое рашэнне. "Па просьбах працоўных", як заўсёды, — падкрэсліў Ігар Комлік.
Юрыст Юры Белякоў удакладняе: працоўных участку, па іх словах, паставілі ў вядомасць, што не сябрам прафсаюзу Белпрафмаш не гарантуецца працягненне працоўнага кантракту. Юрыст задаў прамое пытанне начальніку ўчастка Раману Крывіцкаму: ці сапраўды з несябрамі прафсаюза Белпрафмаш не будуць працягвацца кантракты? Той сышоў ад прамога адказу на гэты конт, але пацвердзіў, што на тых, хто не з'яўляецца сябрам Белпрафмаша, не будзе распаўсюджвацца шэраг сацыяльных гарантый.
— Такія дзеянні завадской адміністрацыі з'яўляюцца абмежаваннем права на свабоду аб'яднання і парушаюць артыкул 365 Працоўнага кодэксу. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі прафсаюза РЭП, — адзначае Юры Белякоў.
Паводле praca-by.info