Праект акумулятарнага завода ў Брэсце пройдзе паўторную экспертызу
Пра гэта 17 лістапада паведаміла намеснік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.
Праект акумулятарнага завода «АйПауэр» паступіў у Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя на паўторную дзяржаўную экалагічную экспертызу. Пра гэта падчас прамой лініі 17 лістапада паведаміла намеснік міністра дадзенага ведамства Ія Малкіна, адказваючы на пытанне берасцейца Дзям'яна Лепесевіча, ці ёсць у яе інфармацыя аб тым, што праект завода змяняецца.
«Я афіцыйна вам заяўляю аб тым, што гэты праект са зменамі паступіў да нас на паўторную дзяржаўную экалагічную экспертызу», — сказала намеснік міністра.
Паводле яе слоў, па заканадаўстве дзеянне папярэдняга заключэння спыняецца ў момант выдачы новага заключэння.
«У сапраўдны момант праект толькі паступіў да нас на экспертызу. Пасля ацэнкі тых дадзеных, якія там закладзеныя, мы зробім свае высновы. Пакуль пра высновы я казаць не ўпаўнаважаная па прычыне таго, што я іх проста не ведаю», — падкрэсліла Малкіна.
З пачатку года ў Брэсце разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПауэр». На працягу ўсяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што засцярогі марныя і парушэнняў няма.
Пачынаючы з 5 сакавіка кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ім дазволілі сабрацца і пратэставаць — мітынг «брэстчанкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў каля 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.
Чытайце таксама: Улады Брэста забаранілі восем мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец гэтага года. Па апошніх дадзеных, першая партыя акумулятараў будзе выпушчаная ў пачатку новага года. Магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў у год, а пасля будзе павялічана ў два разы.
Брестская газета