Праекту «Мова Нанова» — 10 гадоў. Каманда звяртаецца па дапамогу

Сёлета моўныя курсы «Мова Нанова» святкуюць сваё 10-годдзе. Сетка вядомай ініцыятывы на сёння працуе ў Варшаве, Вільні, Уроцлаве, Беластоку, Трохграддзі, Быдгашчы і Тбілісі. Гэта невялікая ў параўнанні з былымі часамі колькасць гарадоў, але «ўсё ж такі ёсць».

mova_nanova.jpeg

Але каманда нагадавае, што ініцыятыва існуе на валанцёрскіх пачатках без сталай падтрымкі, і славутая школа мае патрэбу ў дапамозе.

«Год таму мы, дзякуючы вам, сабралі на падтрымку курсаў патрэбную для нас суму. Дзякуем! Гэта нам дапамагло вырашыць шэраг пытанняў на працягу цэлага года. Цяпер мы зноў распачынаем чарговы збор на бягучыя патрэбы курсаў. Будзем вельмі ўдзячныя, калі ў вас атрымаецца падтрымаць нас!» — звярнуліся да беларусаў валанцёры.

Варта дадаць, што на гэты момант сума збору ўжо перавысіла планаваную. Аднак да закрыцця збору застаецца яшчэ шмат часу, і падтрымка славутых курсаў ніколі не будзе залішняй. 

Самыя першыя заняткі курсаў «Мова Нанова» прайшлі ў Мінску 13 студзеня 2014 года.

На адкрыццё курсаў «Мова нанова» Рыгор Барадулін у 2014-м напісаў верш «Нанова!»:

Немінуча, Гаюча, Нанова

Раскрываецца шчырае слова.

Мова маці — Крыніца святая —

Да вытокаў намеры вяртае.

Як высокія мроі, аблокі,

Думкі неба ратуюць ад спёкі.

Мы на гэтым сьвеце павінны

Гадаваць мову роднай Айчыны.

Падтрымаць курсы, што адкрываюць беларускую мову нанова, можна ТУТ.

Паводле Reform.by

Глядзіце таксама