Прайшлі ператрусы ў пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю ў электрычцы (дапоўнена)
9 верасня адбыўся ператрус у некалькіх пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю ў электрычцы, паведамляюць праваабаронцы.
Пасля ператрусу затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік. Як адзначыла дачка жанчыны, у пастанове на ператрус было напісана «шмат артыкулаў». Сёння над ёю мусіць адбыцца суд у Цэнтральным судзе. 1 сакавіка жанчыну асудзілі па ч. 1 арт. 24.23 КаАП на 30 базавых велічынь.
Вядома пра ператрус у яшчэ адной пенсіянеркі, якую судзілі за акцыю ў электрычцы, — 61-гадовай Наталлі Агейчык. Яе раней асудзілі на 25 базавых. Пасля ператрусу пенсіянерку затрымалі, сёння над ёй таксама мусіць адбыцца суд.
Ператрус адбыўся і ў Алы Буянковай.
Жанчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Старажоўскай у Мінску. Міліцыянт «Александровіч» на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў дзесяць чалавек у белых цішотках з надпісам «23.34», але запомніў толькі Ірыну, Наталлю і Алу. Паводле яго слоў, жанчын адразу не затрымалі, бо былі вымушаны «паехаць на грамадска-значнае правапарушэнне». У матэрыялы справы далучылі скрыншот з відэа, але на ім усе ўдзельнікі сядзяць спінаю. Меркавана, гаворка ідзе пра відэа, якое знялі ў падтрымку Максіма Знака і Марыі Калеснікавай.
Наталля Агейчык сваю віну не прызнала. Вядома, што ператрус у яе кватэры праводзілі супрацоўнікі КДБ. Жанчына звярнула ўвагу суддзі, што яны так і не знайшлі цішотку, у якой яна нібыта была на акцыі. Суддзя адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання, на якіх бачна, што ў час «правапарушэння» яна размаўляла з суседкай. Вынік — 30 сутак арышту.
Ірына Новік распавяла, што 6 верасня была ў парку з дачкой. Суддзя таксама адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання банка, у які Ірына заходзіла. Карсюк прызнаў вінаватай Новік і арыштаваў яе на 15 сутак.
Ала Буянкова адмовілася даваць паказанні, бо не бачыць у гэтым сэнсу. Суддзя пакараў яе 15-сутачным арыштам.