Прайшло 5 месяцаў, як улады паабяцалі павесіць дошку да 100-годдзя БНР
Пяць месяцаў мінула ад таго часу, як на доме па вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску мелася быць усталяваная мемарыяльная дошка ў гонар 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, нагадвае «Радыё Свабода».
Як сказаў Свабодзе старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які вядзе ліставанне пра гэта з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама, ніякай пэўнасці дагэтуль няма.
«Яшчэ месяц таму мяне запэўнівалі, што нічога не адмяняецца, трэба толькі ўзяць дазвол у гаспадароў будынка, — кажа мастак. — Але нават пасля таго, як дазвол атрымалі, нічога не змянілася. Хачу нагадаць: дзве шыльды адлітыя за народныя грошы! Ёсць лісты з запэўніваннем, што шыльда будзе ўсталяваная. Адзінае, чаго няма, дык гэта хоць нейкіх дзеянняў. Каб ужо сказалі, што не будзем нічога рабіць — справа адна. Але ж абяцаюць, што дошка будзе!»
Мінскія гарадскія ўлады далі папярэднюю вусную згоду на ўсталяванне дошкі, вырабленай 25 гадоў таму Алесем Шатэрнікам, яшчэ 1 сакавіка, але канчатковай згоды няма дагэтуль. За кошт ахвяраванняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку, бо старая прыйшла ў непрыдатны стан.
Мастацкая рада Мінгарвыканкама сёлета ў красавіку зацвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасцям, афіцыйнага рашэння аб усталяванні не атрымана.