Пракуратура не будзе разглядаць звароты з патрабаваннем расследаваць суіцыд маладзёна

Пракуратура Мінска адмовілася разглядаць масавыя электронныя звароты грамадзян з патрабаваннем правесці расследаванне самагубства 18-гадовага сіраты Дзмітрыя Стахоўскага, які быў падследным па справе аб масавых беспарадках і ў сувязі з гэтым наклаў на сябе рукі.

Дзмітрый Стахоўскі, фота з сацыяльных сетак

Дзмітрый Стахоўскі, фота з сацыяльных сетак

«У сувязі з паступленнем у пракуратуру горада Мінска шматлікіх электронных зваротаў па пытанні распачынання крымінальнай справы па факце смерці Дзмітрыя Стахоўскага тлумачыцца, што ў адпаведнасці з артыкуламі 138, 139 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь правам абскарджання дзеянняў і рашэнняў органа, які вядзе крымінальны працэс, валодаюць удзельнікі крымінальнага працэсу шляхам падачы скаргі ў вуснай або пісьмовай форме, а таксама іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы, калі праводзяцца працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы», — сказана ў паведамленні пракуратуры.
Ведамства зазначае, што падача скаргаў у электроннай форме крымінальна-працэсуальным законам не прадугледжаная. Звароты, пададзеныя асобамі, якія не нададзенымі адпаведным правам, разгляду па сутнасці не падлягаюць.
Дзмітрый Стахоўскі — сірата, таму, хутчэй за ўсё, людзей, якія маглі б на законных падставах патрабаваць узбуджэння крымінальнай справы па факце яго смерці, няма. 
Дзмітрый Стахоўскі быў падазраваным па справе аб масавых беспарадках, з ім праводзіліся следчыя дзеянні. Уначы 26 траўня ён скінуўся з 16-павярховага дома. На сваёй старонцы ў сацсетцы хлопец пакінуў перадсмяротны ліст пра тое, што адважыўся на суіцыд, не вытрымаўшы маральнага ціску з боку сілавікоў. У СК заявілі, што нібыта ў момант смерці Дзмітрый быў моцна п'яны. Праз некалькі дзён яго цела крэміравалі.