«Пратэсты непазбежныя», — Мікола Статкевіч анансаваў наступную акцыю на 3 ліпеня

Палітык Мікола Статкевіч, які адседзеў 5 сутак арышту ў турме на Акрэсціна, пасля выхаду на волю агучыў планы наконт новых вулічных акцыяў. Яны пройдуць 8 траўня і 3 ліпеня.

963badfb_7f5b_4057_93e1_2e6ac8f5b5ea_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён расказаў, што анансаваная раней акцыя 9 траўня не адбудзецца.
«Гэтая акцыя шмат у чым заяўлялася як рэзервовая на выпадак, калі будзе закрытая Кастрычніцкая плошча і не ўдасца сабрацца там. Але акцыя не рыхтавалася, бо былі ў вышуку альбо затрыманыя тыя людзі, якія маглі б гэтым займацца ў Беларускім нацыянальным кангрэсе. Я выйшаў на волю 3 траўня ўвечары, і за некалькі дзён не падрыхтуеш масавае мерапрыемства.
Ёсьць традыцыйная акцыя, якую ў 1992 годзе запачаткавала Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, і потым яе працягвала «Народная грамада» і «Еўрапейская кааліцыя». Цяпер да гэтай акцыі далучаюцца калегі з БНК. Гэта мемарыяльная акцыя на Вайсковых могілках у Менску 8 траўня, у дзень, калі паводле беларускага часу скончылася Другая сусветная вайна ў Еўропе. Апоўдні мы звычайна прыходзім да ўваходу на Вайсковыя могілкі з боку вуліцы Казлова. І потым ідзём да магіл савецкіх салдатаў, якія загінулі падчас вызваленьня Мінску. Звычайна гэта акцыя адбывалася без праблемаў; не ведаю, як будзе цяпер».
Таксама Мікола Статкевіч анансаваў акцыю на іншую дату, якую абмяркоўваў Беларускі нацыянальны кангрэс.
«3 ліпеня — гэта дзень вызвалення Мінску і дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў. На жаль, гэтае свята нам сапсавалі. Чамусьці на гэты дзень прызначылі Дзень Незалежнасці. Адначасова сапсавалі два святы — Дзень вызвалення і Дзень Незалежнасці. Мы лічым, што цяпер праблема вызвалення Беларусі ад рэжыму, які зрабіўся па сутнасці акупацыйным, зноў актуальная. Мы хочам гэтае свята адсвяткаваць. Мы наогул павінны вяртаць гэтае свята сабе, гэта наша свята. Рэжым паразітуе на гэтых святах, на крыві нашых дзядоў. Мы павінны вярнуць яго, вярнуць яму першапачатковы сэнс і больш не аддаваць.
Дарэчы, у Мінску 7 ліпеня пройдзе Парламенцкая асамблея АБСЕ, і паглядзім, як будзе паводзіць сябе рэжым напярэдадні запрашэння ў нашу краіну парламентароў з усёй Еўропы».
На пытанне пра фармат акцыі 3 ліпеня Мікола Статкевіч адказаў так:
«Я крыху заўчасна агучыў нашы ідэі. Спадзяюся, што зноў не выпаўзуць некаторыя іншыя палітычныя арганізацыі і не заявяць, што ў гэты дзень трэба збірацца і ісці на Бангалор. Што яны не паспрабуюць нам перашкодзіць. Але гэта варта было зрабіць, каб людзі ведалі перспектыву. Гэта важна ва ўмовах пэрсанальных рэпрэсіяў супраць арганізатараў вельмі годнай і мужнай акцыі 1 траўня. Я хачу падзякаваць усім людзям, якія, нягледзячы на арышты ў тым ліку арганізатараў, выходзілі на цэнтральныя плошчы нашых гарадоў. Па сутнасці, яны захавалі тую пляцоўку свабоды, якую мы адваявалі пасля майго вызвалення. Гэта вельмі важна, бо мы можам працягваць нашы пратэсты з гэтай пляцоўкі. Таму важна, каб людзі ведалі, што рабіць».
Мікола Статкевіч мяркуе, што ў Беларусі хваля пратэстаў будзе нарастаць:
«Гэта непазбежна. Рэжым адной рукой гоніць людзей з вуліц, а другой ён непазбежна будзе гнаць на гэтыя вуліцы. Таму мы павінны прапаноўваць альтэрнатыву і паказваць магчымасць для годнага і эфектыўнага пратэсту. Бо той пратэст, які адбываўся з 17 лютага, быў эфектыўным. Дэкрэт № 3 прыпынены на год, беларусы ўбачылі, што яны народ, што яны нацыя. Што яны могуць годна пратэставаць і дамагацца свайго. Я папярэджваў, што мірныя перамены — гэта доўгі працэс. Мы павінны ціснуць на ўлады і прымусіць яе да зменаў».
Паводле svaboda.org