Праваабаронца патрабуе ад МУС узмацніць меры бяспекі ў месцах несвабоды з-за каранавірусу
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў патрабуе ад Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) узмацніць меры бяспекі ў месцах пазбаўлення волі ў сувязі з рапаўсюдам каронавіруса.
![Павел Левінаў. Фота DW Павел Левінаў. Фота DW](/img/v1/images/levinau_dw_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Павел Левінаў. Фота DW
Сярод патрабаванняў — прыпыніць
выкананне адміністрацыйных арыштаў, а таксама — вызваленне непаўналетніх і
пажылых зняволеных, наогул тых, хто не пагражае грамадскай бяспецы.
У звароце ў МУС Павал Левінаў піша, што «сістэма выканання пакаранняў РБ закрытая, але мае дастаткова наведнікаў», таму «лічыць, што каронавірус туды не прабярэцца, не даводзіцца». Між тым, асобы, якія ўтрымліваюцца цяпер у месцах несвабоды, знаходзяцца ў групе рызыкі: маюць слабы імунітэт і не маюць магчымасці самаізалявацца і трымаць сацыяльную дыстанцыю.
Каб захаваць іх жыцці і здароўе, праваабронца патрабуе ўвесці ў месцах пазбаўлення волі павышаныя меры бяспекі.
Што патрабуе Павел Левінаў?
- Кожнаму супрацоўніку і наведнікам гэтых месцаў штодня рабіць тэрмамэтрыю, дадзеныя рэгістраваць у адмысловым дзённіку.
- Выдаваць усім супрацоўнікам і наведнікам месцаў няволі (абаронцам, следчым і г.д.) медычныя маскі (рэспіратары).
- Мець памяшканні для ізаляцыі асобаў з сімптомамі захворвання.
- У выпадку выяўлення асобаў з сімптомамі каронавіруснай інфекцыі неадкладна ізаляваць іх і выклікаць лекараў з цывільнай бальніцы.
- Абмежаваць, па магчымасці, кантакты асобаў, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды, са знешнім светам.
- Прыпыніць перамяшчэнне зняволеных з аднаго месца несвабоды ў іншыя, а таксама — перамяшчэнне ўнутры гэтых месцаў.
- Асобаў, якія прыбываюць у месцы зняволення, змяшчаць у каранцін на тэрмін паўтары месяцы.
- Прыпыніць выкананне адміністрацыйных пакаранняў у выглядзе арышту.
- Узняць пытанне аб вызваленні асобаў, якія не нясуць грамадскай небяспекі, а таксама непаўналетніх і асобаў, старэйшых за 60 гадоў, пераважна тых, хто знаходзіцца пад следствам.