Праваабаронца Валер Шчукін шпіталізаваны, ён у цяжкім стане
Апазіцыйны палітык, праваабаронца Валер Шчукін цягам двух тыдняў знаходзіцца на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Мінску. У шпіталь яго даставіла хуткая дапамога пасля рэзкага пагаршэння здароўя. Дагэтуль, паводле Валера Шчукіна, стан ягонага здароўя цяжкі, паведамляе Свабода.
«Што ў мяне? Хворыя ныркі, пячонка, шмат іншых праблем. Адчуваю слабасць — чуеце ж, як размаўляю. Стары ўжо, відаць, прыходзіць час. Але спадзяюся, яшчэ працягну», — сказаў Валер Шчукін у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды. Паводле Валера Шчукіна, дактары шпіталя робяць усё магчымае, каб ён паправіўся, але пра аперацыю гаворкі пакуль не ідзе.
«Нічога не кажуць пра аперацыю, хочуць ці не хочуць, не ведаю. Ляжу пад кропельніцай, прымаю лекі. Але нібыта робяць усё, што могуць, скардзіцца няма на што», — сказаў Валер Шчукін пра лячэнне ў вайсковым шпіталі.
Валер Шчукін — дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання, дзе ўваходзіў у апазіцыйную групу. Валер Шчукін падпісаўся за імпічмэнт прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і пасля разгону парламенту ў 1996 годзе заставаўся актыўным удзельнікам апазіцыйнай барацьбы. Спадара Шчукіна шмат разоў затрымлівалі на апазіцыйных акцыях, каралі арыштамі і штрафавалі.
Валер Шчукін сказаў, што і са шпіталя працягвае сачыць за сітуацыяй у краіне, і гэтак пракаментаваў падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня:
«Думаю, мы пераможам: пратэсты не сціхаюць, іх сацыяльная база пашыраецца, вось толькі каб страляніны не было. Лукашэнка вунь з аўтаматам ужо бегае. Як кадравы афіцэр я ведаю, што гэта азначае: пагрозу людзям, спробу іх прыстрашыць. Так, з яго ўжо смяюцца, людзі ўсё менш яго баяцца, але ўсё ж паводле закону жанру на трэці раз зброя можа стрэліць. Гэтага нельга выключаць, трэба сцерагчыся», — сказаў Валер Шчукін у адрас дэманстрантаў.
Валеру Шчукіну 78 гадоў. Ён былы капітан 2-га рангу, служыў на Ціхаакіянскім флёце СССР ва Уладзівастоку. Быўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету быў сябрам Камуністычнай партыі Беларусі, пазней з яе выйшаў і далучыўся да дэмакратычнай апазіцыі. У апошнія гады Валер Шчукін заняўся актыўнай праваабарончай дзейнасцю, але працягваў удзельнічаць і ў апазіцыйных акцыях. Апошні раз Валера Шчукіна затрымлівалі падчас дэманстрацыі на Дзень Волі ў 2017 годзе.