Праваабаронца просіць мітрапаліта Філарэта выратаваць жыццё Кавалёва і Канавалава

Праваабаронца з Гомеля Кастусь Жукоўскі накіраваў зварот Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсёй Беларусі Філарэту з просьбай паспрыяць захаванню жыцця фігурантам крымінальнай справы аб тэракце ў мінскім метро Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

Праваабаронца з Гомеля Кастусь Жукоўскі накіраваў зварот Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсёй Беларусі Філарэту з просьбай паспрыяць захаванню жыцця фігурантам крымінальнай справы аб тэракце ў мінскім метро Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.
Пракурор, які лічыць іх вінаватымі, папрасіў суд прыгаварыць маладых людзей да выключнае меры пакарання — расстрэлу. Адвакаты Канавалава і Кавалёва настойваюць, што іх падабаронныя не маюць дачынення да гэтага страшнага злачынства. Не вераць у іх віну і многія назіральнікі, і нават некаторыя пацярпелыя ад выбуху.
Як адзначыў у інтэрв’ю “Новаму часу Кастусь Жукоўскі, сёння і ў яго асабіста няма стопрацэнтнай упэўненасці ў тым, што менавіта Канавалаў і Кавалёў спрычыніліся да выбуху на станцыі “Кастрычніцкая сталічнага метрапалітэна 11 красавіка бягучага года, таму ён і звярнуўся да галавы Беларускай праваслаўнай царквы. 
“Апроч таго, мяне вельмі хвалюе бяздзеянне з боку грамадства. Людзей могуць расстраляць, а я асабіста не магу нічога зрабіць. Я не магу выйсці на вуліцу, дзесьці штосьці ў голас сказаць, бо гэта не мае сэнсу, цябе ўсё роўна не пачуюць. Але трэба грукацца ва ўсе дзверы, і, магчыма, мітрапаліт Філарэт можа быць тым чалавекам, які здолее заступіцца за людзей, якім пагражае смяротнае пакаранне. Праваслаўная царква мае вагу, да таго ж, “не забі! — гэта адзін з галоўных запаветаў, таму, магчыма, царква і сам мітрапаліт зверне ўвагу на гэта. Вінаваты чалавек ці не вінаваты, але галоўнае — не забі! Так сказаў Бог, — падкрэсліў гомельскі праваабаронца Кастусь Жукоўскі.