Праваабаронцу Леаніду Судаленку прад'явілі абвінавачванне. Ён застаецца пад вартай

Сёння, 28 студзеня, стала вядома, што праваабаронцу Леаніду Судаленку прад'яўлена абвінавачванне — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці. Ён застаецца пад вартай ў СІЗА-3 у Гомелі.

sudalenka_2017_1.jpg

Праваабаронцу, старшыні Гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру "Вясна" Леаніду Судаленку прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці).

Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня па дарозе на офіс. Яго адвезлі на допыт у Следчы камітэт, куды яго адвакат змог патрапіць толькі бліжэй да вечара. Затым яго змясцілі ў ізалятар, а праз некалькі дзён перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Судаленку палітычным зняволеным.

За два тыдні да затрымання Судаленкі ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, дзе знаходзіцца офіс "Гомельскай вясны", прайшоў ператрус, падчас якога былі вынятыя дакументы, якія тычацца дзейнасці праваабаронцы (пастановы судоў, абскарджванні).

18 студзеня ў Гомелі быў затрыманы праваабаронца, старшыня Гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру "Вясна" Леанід Судаленка. Увечары ж 18 студзеня была затрымана таксама валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка, якая дапамагала Леаніду Судаленку. Яе вызвалілі праз трое сутак пасля затрымання. А 21 студзеня ў мінскім аэрапорце затрымалі Таццяну Ласіцу з Рэчыцы, якая таксама дапамагала Леаніду Судаленку. Яе змясцілі пад варту ў гомельскі СІЗА.