Журналістка Надзея Калініна на Акрэсціна
На карэспандэнта TUT.BY Надзею Калініну складзены адміністрацыйны пратакол. За што — невядома. Дзяўчыну павезлі на Акрэсціна. Раней у РУУС Ленінскага раёна Мінска паведамілі, што яна затрыманая.
Днём 29 студзеня Надзея Калініна перастала выходзіць на сувязь. Яна спрабавала патрапіць на з'езд дэлегатаў ВНС па Мінску, які ў 16.00 пачаўся ў ПК «Камволь».
Пазней стала вядома, што дзяўчына знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёна Мінска. Там паведамілі, што яна затрыманая і яны «больш нічога не скажуць». У прэс-службе МУС спачатку паведамілі, што журналіста даставілі ў РУУС для праверкі дакументаў.
Пакуль журналіст знаходзілася ў РУУС, да яе не пусцілі адваката. Нагадаем, арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму права карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката ў любы момант.
Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб'яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.
Надзею Калініну ўжо затрымлівалі разам з іншымі незалежнымі журналістамі падчас студэнцкіх пратэстаў 1 верасня. Тады журналістку прызналі вінаватай па арт. 23.34 КаАП і асудзілі на трое сутак арышту.