Затрыманую ў Мінску журналістку са Швейцарыі вызвалілі пасля ўмяшання МЗС гэтай краіны

У нядзелю 31 студзеня ў цэнтры гораду сілавікі затрымалі швейцарскую журналістку Люцыю Чыркі (Luzia Tschirky), якая мае акрэдытацыю для працы ў Рэспубліцы Беларусь.

a30e7711_2e98_4d36_a38b_d9112fe5ca60_w1023_r1_s.jpg


Прычыну затрымання ёй не паведамілі, а яе месцазнаходжанне было доўга невядомае, паведаміў тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пасля 17 гадзіны стала вядома, што Люцыю Чыркі адпусцілі з міліцыі, пра гэта яна сама напісала ў твітары: «Я ехала выпіць кавы з сябрамі, калі на светлафоры спыніўся мікрааўтобус. Людзі ў масках без тлумачэння прычын зацягнулі нас у машыну. Мая сяброўка і яе муж усё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні», перадае Радыё Свабода.

Перад тым Дэпартамент замежных спраў Швейцарыі звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з затрыманнем журналісткі.

«Дэпартамент мае інфармацыю аб затрыманні швейцарскай журналісткі ў Мінску. Ён знаходзіцца ў кантакце з беларускім Міністэрствам замежных спраў і займаецца сітуацыяй», – паведаміла ведамства ў твітэры.

Сёння ў беларускай сталіцы і іншых гарадах праходзяць традыцыйныя для нядзелі лакальныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў. У адрозненне ад папярэдніх выходных, сілавікі сканцэнтраваныя не толькі ў мікрараёнах, але і ў цэнтры, дзе затрымліваюць грамадзян.

У беларускай турме адбывае пакаранне (2,5 года пазбаўлення волі) грамадзянка Швейцарыі, ураджэнка Беларусі Наталля Хершэ. 7 снежня 2020 году суд Савецкага раёна Мінска прызнаў яе вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК). Паводле прысуду, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, «падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні». Яна павінна выплаціць супрацоўніку МУС 1000 рублёў. Жанчына віны не прызнала.

Швейцарыя далучылася да санкцый ЕС у дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння.