Праваабаронцы пачалі міжнародную кампанію дзеля вызвалення супрацоўнікаў «Прэс-клуба»
Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco заклікала адпраўляць электронныя звароты беларускім чыноўнікам з патрабаваннем неадкладнага вызвалення затрыманых супрацоўнікаў Прэс-клуба, паведамляе Беларуская Асацыяцыя журналістаў.
У пераліку адрасатаў — міністар інфармацыі Ігар Луцкі, генеральны пракурор Андрэй Швед, выканаўца абавязкаў старшыні Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў.
Адмыслова для гэтага створаная старонка на сайце Libereco.
22 снежня супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў затрымалі шэсць журналістаў, якія з'яўляюцца чальцамі або супрацоўнічаюць з Прэс-клубам, піша Свабода.
Гэта заснавальніца і кіраўніца культурна-асветнцікай ініцыятывы Юлія Слуцкая, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмная дырэктарка Ала Шарко, дырэктар «Акадэміі Прэс-клуба Беларусь» Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі.
Таксама затрымалі Ксенію Луцкіну, чальца Каардынацыйнай рады, якая займаецца стварэннем «альтэрнатыўнай тэлевізіі» у кааперацыі з Прэс-клубам.
Юлію Слуцкую падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Яе дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу, паведаміў адвакат Антон Гашынскі БелаПАН. Астатнія — падазраваныя па ч.6 арт. 16 (Саўдзел у злачынстве) і ч.2 арт. 243.
Сёння, 28 снежня, крымінальную справу супрацоўнікаў «Прэс-клуба» перадалі ў Следчы камітэт. Адвакатаў ужо выклікалі для правядзення допытаў з падазраванымі.
«Схаваная» копія ліста на адной з моваў (ангельская, нямецкая, расейская) адправіцца ў Libereco — так можна будзе падлічыць колькасьць зваротаў да службовых асобаў.
Libereco — незалежная нямецка-швейцарская няўрадавая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі і Украіне.