«Пайду на першую кальцавую з бчб». Акцёру Алесю Малчанаву далі 11 сутак
27 снежня акцёр Алесь Малчанаў выйшаў на мінскую кальцавую з бел-чырвона-белым сцягам і неўзабаве быў затрыманы. Суд Фрунзенскага раёна прысудзіў яму 11 сутак па артыкуле 23.34 КаАП.
Пра свой намер выйсці на МКАД Алесь папярэдне напісаў у сваім фэйсбуку: «Пайду на першую кальцавую з бчб».
«Як я зразумела, ён там прастаяў некалькі гадзін. бо Саша патэліў мне недзе ў палову першай ночы ўжо з Фрунзенскага РУУСа, распавёў пра сваё затрыманне, — кажа яго сяброўка, актрыса Паліна Дабравольская. — Пасля ён перастаў выходзіць на сувязь. Ужо ў РУУС мне паведамілі, што ён затрыманы да суда. На жаль, мы не паспелі на сам суд, бо да апошняга не ведалі, у колькі ён будзе. Мы толькі ўжо ўбачылі канчатковы прысуд, таму і не ведаем, як ішоў сам працэс».
Паліна лічыць, што на такі крок Алесь вырашыўся, таму што ўжо не мог больш маўчаць і хацеў чарговы раз пазначыць сваю пазіцыю.
Алесь Малчанаў — былы купалавец. Вядомы сваімі ролямі ў фільмах «Жыве Беларусь», караткаметражцы «Ягор» (па матывах «Радзіва Прудок» Андрэя Горвата). З апошняга — граў у спектаклі «Прымітывы» пра жыццё Алены Кіш.
Паводле nn.by