Праваабаронцы звернуцца да спецдакладчыка ААН па катаваннях з нагоды сітуацыі з Андрэем Бандарэнкам

Такое рашэнне было прынятае на круглым стале, арганізаваным праваабарончай групай "За Волю".



bondarenko_0803.jpg

Актывісты адзначаюць, штоіх  звароты ў айчынныя праваахоўныя структуры плёну не далі, а скаргам Бандарэнкі проста не даюць "выйсці" з турмы — як паведамляе ў лістах сам Андрэй Бандарэнка, усе падрыхтаваныя ім лісты зніклі пасля таго, як ён аддаў іх супрацоўнікам калоніі.

Таксама ўдзельнікі круглага стала прынялі адмысловы зварот да журналістаў і блогераў: "Мы, прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы салідарнасці з  палітвязнямі-праваабаронцамі Андрэем Бандарэнка і Міхаілам Жамчужным, выказваем сваю заклапочанасць тым, што ў сродках масавай інфармацыі распаўсюджваецца недакладная і абразлівая інфармацыя былога супрацоўніка “Платформы інавейшн”, а ныне дырэктара новастворанай арганізацыі “Рэгіен 119” Алены Красоўскай-Каспяровіч адносна Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага. Мы звяртаемся да СМІ з заклікам крытычна ставіцца да інфармацыі, якую распаўсюджвае Красоўская-Каспяровіч. Мы лічым, што  яна зацікаўлена ў  пагаршэнні становішча Бандарэнкі і Жамчужнага . У любым выпадку мы просім заўседы  даваць магчымасць выказацца іншаму боку".

Прыняццё такога звароту выклікана апублікаванымі ў незалежных СМІ выказваннямі А. Красоўскай-Каспяровіч пра тое, што Андрэй Бандарэнка быццам бы перапрадаваў інфармацыю, атрыманую ад Міхаіла Жамчужнага і пра тое, што ў Шклоўскай калоніі яму прысвоілі нізкі статус. Гэтыя звесткі Андрэй Бандарэнка абверг у сваіх лістах, аднак калі непраўдзівая інфармацыя пра статус трапіць у турму, Бандарэнку чакае новы ціск з боку іншых вязняў.