Праверка па факце забойства Тарайкоўскага цягнецца тры месяцы. Ці ёсць вынік?

10 лістапада споўніцца тры месяцы з моманту забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Альвіна Мінгазава, прадстаўнік Валерыя Тарайкоўскага, бацькі забітага Аляксандра, распавяла legin.by, чаму дагэтуль не распачатая крымінальная справа і што робіць следства.

2c34a597_1f16_4740_90e7_ad535234ad01_w1023_r1_s_1.jpg


Як распавяла Альвіна Мінгазава, упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску праводзіцца праверка. Тэрмін яе правядзення неаднаразова падаўжаўся. Апошняе падаўжэнне датавана 09.10.2020 да трох месяцаў, гэта значыць — па 10.11.2020.
Яшчэ ў жніўні абаронца падала апавяшчэнне ў СУ УСК па г. Мінску аб прыняцці даручэння па ажыццяўленні прадстаўніцтва правоў і законных інтарэсаў Тарайкоўскага В. З. і інфармаванні аб працэсуальным рашэнні па факце смерці Тарайкоўскага А. В. Але атрымала адказ, што па факце смерці Тарайкоўскага Аляксандра Валер'евіча праводзіцца праверка ў парадку арт. 173 КПК. А крымінальная справа не распачыналася. Паколькі крымінальнай справы няма, бацька Аляксандра не быў прызнаны пастановай следчага пацярпелым па справе. Адпаведна, Альвіна Мінгазава не можа быць прадстаўніком пацярпелага. У КПК падрабязна апісаны правы і абавязкі пацярпелага і яго прадстаўніка, але гэтыя правы можна рэалізаваць толькі пасля ўзбуджэння справы.
6 кастрычніка бацька Аляксандра накіраваў у Следчы камітэт заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы, азнаямленні з судовай медыцынскай экспертызай, далучэнні відэаматэрыялаў. Відэазапісы былі далучаныя, справу не распачалі, з заключэннем медыцынскай судовай экспертызы не азнаёмілі, бо гэта не прадугледжана КПК.
Цяпер, пасля заканчэння праверкі, орган крымінальнага пераследу павінен вынесці пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы або аб адмове ва ўзбуджэнні справы. Калі будзе адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, то бацька Аляксандар будзем абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе.
Пры гэтым Альвіне Мінгазавай удалося правесці і свае адвакацкае расследаванне. Атрымалася здабыць відэаматэрыялы, якія былі далучаныя да матэрыялаў справы. Быў знойдзены прамы сведка забойства. Таксама быў зроблены запыт у УАЗ "Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі" аб прадастаўленні копіі карты выкліку брыгады ХМП і копіі часопіса запісу выклікаў ХМП. Гэтыя дакументы былі прадастаўлены бацьку загінулага Аляксандра. З іх вынікае характар ранення – кулявое раненне ў грудзі ў вобласць сэрца. Пры гэтым пры аглядзе цела выхадной адтуліны са спіны сваякі не бачылі.
У любым выпадку бацька Аляксандра і яго прадстаўнік будуць дамагацца аб'ектыўнага і ўсебаковага расследавання смерці Аляксандра і прыцягнення да адказнасці вінаватых.
Нагадаем, Аляксандра Тарайкоўскага застрэлілі 10 жніўня на вул. Прытыцкага ў Мінску падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. На шматлікіх відэа, апублікаваных у СМІ, бачна, што Аляксандр падыходзіць да сілавікоў з паднятымі ўгару рукамі, аднак сілавікі страляюць у бяззбройнага чалавека