Правядзенне «Чарнобыльскага шляху» пераносіцца ў анлайн
Традыцыйны «Чарнобыльскі шлях» не адбудзецца ў гэтым годзе з-за пандэміі каронавірусу, паведаміў старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук.
Аднак, па словах палітыка, замест вулічных шэсця і мітынгу плануюцца іншыя мерапрыемствы, якія пройдуць у інтэрнэт прасторы:
– Сёлета мы будзем адмяняць «Чарнобыльскі шлях» у сувязі з эпідэміяй каронавірусу, таму што няма сэнсу збіраць людзей на вулічнае шэсце. Будзе Чарнобыльскі тыдзень, традыцыйны, з 20 да 26 красавіка, дзе будуць кінапаказы, анлайн-канферэнцыі, можа быць, яшчэ якія мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне.
Палітык выказаў меркаванне аб магчымым удзеле людзей паасобку:
— Магчыма, што лідары і актывісты дэмакратычных партыяў і арганізацыяў 26 красавіка, у гадавіну катастрофы, ускладуць кветкі і запаляць свечкі каля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай у Мінску, аддаўшы такім чынам даніну памяці ўсім пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, — сказаў Зміцер Кучук.
racyja.com