Праз 25 гадоў пасля аднаўлення «Нашай Нівы» газета пераходзіць у інтэрнэт, на паперы зробіцца штомесячнікам
Праз 25 гадоў пасля аднаўлення «Нашай Нівы», праз 110 гадоў ад яе заснавання Рэдакцыя робіць важны крок. Зараз «Наша Ніва» — гэта будзе ў першую чаргу інтэрнэт-сайт NN.BY. А на паперы ад 1 ліпеня «Наша Ніва» будзе выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках.
За інтэрнэтам — будучыня. Ён даступны імгненна і на ўсёй планеце. Гэта тэхналагічная рэвалюцыя, якая адбываецца па ўсім свеце.
Пераход з паперы ў інтэрнэт такі ж эпахальны, як калісьці вынаходніцтва кнігадруку ці распаўсюд электрычнасці. Не трэба яго баяцца: беларуская культура, беларуская супольнасць дастаткова моцныя, і лічбавая рэвалюцыя нам дае новыя магчымасці для развіцця.
"Папяровы штомесячнік захавае выдавецкую традыцыю. Гэта будзе спакойнае чытво для людзей з іншым тэмпам спажывання інфармацыі. У папяровым штомесячніку будзе друкавацца самае істотнае, нестарэючае: аналітыка, гутаркі, гісторыя, літаратура", - паведамляе рэдакцыя "НН".
Паводле baj.by